Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Дабравольскі: “Трэба настройвацца на перамогу”


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня госьць ранішняга жывога эфіру Беларускай Свабоды – намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. Яму 46 гадоў, у 1989-1991 ён быў народным дэпутатам СССР і ўваходзіў, разам з Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам, у Міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Днямі Аляксандар Дабравольскі вярнуўся з Кіеву, дзе разам з Анатолем Лябедзькам правёў шэраг палітычных сустрэчаў. Як вядома, Анатоль Лябедзька ўзначаліў Нацыянальны камітэт, які ўтвораны пры Аляксандру Мілінкевічу.

(Навумчык: ) Аляксандар, добрай раніцы, і спачатку – які быў самы высокі ўзровень палітыкаў, якія вас з Анатолем Лябедзькам прымалі ў Кіеве?

(Дабравольскі: ) “Тут было два ўзроўні - цяжка сказаць, які зь іх вышэйшы. Адныя - гэта дэпутаты Вярхоўнай Рады, а другія - гэта прадстаўнікі адміністрацыі. і адны, і другія сустрэчы былі вельмі важныя, я б нават сказаў, што самыя карысныя былі сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, бо менавіта гэтыя людзі рабілі перамены ва Ўкраіне”.

(Навумчык: ) У адміністрацыі прэзыдэнта ў вас былі сустрэчы?

(Дабравольскі: ) “Так. Гэта была сустрэча не ў адміністрацыі прэзыдэнта, але зь людзьмі, якія там працуюць”.

(Навумчык: ) Ці задаволеныя Вы вынікамі візыту?

(Дабравольскі: ) “У цэлым - так. гэта, безумоўна, важна, і я думаю, што наша супрацоўніцтва з украінскімі калегамі шмат што карыснага можа даць Беларусі, бо Беларусь таксама чакаюць перамены. Так ці інакш, я ня думаю, што будзе паўтарацца нейкі канкрэтны варыянт - украінскі або нейкі іншы - будзе беларускі варыянт. Але скарыстацца досьведам гэтых людзей вельмі важна, тым больш, што шмат з гэтых людзей - проста нашы даўнія сябры і яны шчыра жадаюць посьпехаў Беларусі”.

(Навумчык: ) Аляксандар, ну і паколькі вы загаварылі пра ўкраінскі варыянт – я так разумею, што маецца на ўвазе “аранжавая рэвалюцыя” - прайшоў амаль год ад гэтай падзеі. Вы часта бывалі ў Кіеве, у тым ліку і пры папярэднім кіраўніку Украіны, скажыце, ці заўважалі Вы нейкія зьмены? Я маю на ўвазе ў гэтым выпадку ня зьмены ў калідорах улады, а вось такія зьмены, якія бачныя ў жыцьці звычайных людзей, можа быць, зьмены ў іх настроях? Бо, скажам, маскоўскае тэлебачаньне, якое глядзяць і ў Беларусі, шмат кажа пра расчараваньне Юшчанкам і наогул цяперашняй уладай.

(Дабравольскі: ) “Я вялікага расчараваньня ня ўбачыў. Ёсьць нейкае раздражненьне тым, што пасварыліся паміж сабой тыя, хто раней удзельнічаў у гэтых падзеях канца 2004 году. Такое раздражненьне ёсьць. Але калі гаварыць пра простых людзей - я з многімі сустракаўся - жыцьцёвы ўзровень не зьмяніўся, можа быць трошкі нават і вырас, і жыцьцё такое, што цяпер людзі могуць гаварыць свабодна ўсё, што яны думаюць. На Майдане, на Храшчаціку шмат людзей пратэстуюць супраць аднаго, супраць другога, супраць трэцяга - ніхто іх не чапае, яны могуць выказваць свае думкі, раздаваць свае ўлёткі. Улада не баіцца, і гэта значыць, што яна моцная. Тое, што пачаліся канфлікты - прапаную задумацца: пры Кучме гэтыя канфлікты былі, але яны здушваліся, грамадзтва іх ня бачыла і ня ведала праўды. А той, хто хацеў ведаць праўду, не заўсёды мог яе атрымаць ва Ўкраіне. А тым больш цяпер у Беларусі такая сытуацыя. А калі пачалося ачышчэньне, як сказаў Юшчанка, то яно сапраўды пачалося як ачышчэньне. Тыя, наконт каго меліся падозраньні ў карупцыі – сыйшлі. Тыя, хто ўступаў у канфлікты – таксама пайшлі ў адстаўку. Добра гэта ці дрэнна – пакажуць наступныя парлямэнцкія выбары, але выбар будуць рабіць ужо людзі, а ня Кучма або нехта іншы. Юшчанка пайшоў на тое, каб выбар зрабілі людзі. І гэта сапраўды перадача права выбару ад улады народу. Гэта правільна, і я думаю, што гэта першы крок, можа быць ня вельмі просты, але першы крок да сапраўднай дэмакратыі”.

(Навумчык: ) Ну што ж, мы можам прыгадаць, што і эканамічныя рэформы, якія далі вельмі добры, станоўчы вынік і ў Чэхіі, і ў Польшчы, і ў іншых краінах усходняга блёку, пачыналіся таксама са свабоды слова і са свабодных выбараў. Але вернемся да беларускіх праблемаў. Анатоль Лябедзька, зь якім вы езьдзілі ў Кіеў, заявіў пра фармаваньне Нацыянальнага камітэту, які будзе мець функцыі “ценявога кабінэту”. У найноўшай гісторыі Беларусі ёсьць прыклад дзейнасьці Ценявога ураду пры Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, які распрацаваў шэраг законапраектаў і эканамічныя разьдзелы праграмы Зянона Пазьняка на выбарах 1994 году. У 1997 годзе Генадзь Карпенка зрабіў спробу стварэньня Нацыянальнага камітэту – пры Вярхоўным Савеце 13 скліканьня. Я так разумею, што мэта цяперашняга Нацыянальнага камітэту – распрацоўка праграмы для Аляксандра Мілінкевіча?

(Дабравольскі: ) “Гэта так, але гэта ня толькі распрацоўка праграмы, гэта яшчэ і стварэньне ў грамадзкай сьвядомасьці пазытыўнага вобразу будучай краіны. Мы павінны паказаць – у якой краіне мы маглі б жыць і чаму гэтая краіна будзе лепшая, чым тое, што мы маем сёньня. Таксама падрыхтоўка канцэпцыі разьвіцьця дзяржавы, падрыхтоўка каманды для эфэктыўнага кіраваньня дзяржавай – гэта значыць, ня проста, каб былі людзі, а каб яны маглі працаваць як адзіная каманда. Безумоўна, гэта яшчэ й дапамога адзінаму кандыдату ў стварэньні праграмы – ня думаю, што толькі Нацыянальны камітэт будзе ў гэтым удзельнічаць, мы прыцягнем шмат якіх спэцыялістаў і грамадзтва да гэтага. Распрацоўка пазыцыі адзінага кандыдата, падрыхтоўка яго выступленьняў і гэтак далей. Так што гэта будзе каманда адзінага кандыдата”.

(Навумчык: ) Некаторыя грамадзкія дзеячы выказалі прапанову, каб у выпадку правалу адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах – у выпадку яго неабраньня – усе тыя кіраўнікі апазыцыйных партыяў, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі Кангрэсу дэмакратычных сілаў – сыйшлі з палітычнай арэны. Як Вы ставіцеся да такой прапановы?

(Дабравольскі: ) “Я думаю, што над гэтай прапановай трэба падумаць, але цяпер казаць, што “мы прайграем і тады будзем рабіць вось гэта, гэта і гэта” - гэта важна, але гэта не пытаньне для грамадзкага абмеркаваньня. Пытаньне для грамадзкага абмеркаваньня - як мы выйграем і што мы будзем рабіць далей. Гэта вельмі важна, каб запрапанаваць альтэрнатыву. І я думаю, што трэба настройвацца на перамогу, а не на пройгрыш. Калі ж раптам атрымаецца, што мы ня зможам - ну, тады я думаю, што час пакажа сваё і людзі самі зробяць свой выбар”.
XS
SM
MD
LG