Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная рада дэмсілаў ухваліла стварэньне аб’яднаньня няўрадавых арганізацыяў


Уладзімер Глод, Менск Першым пашырэньнем складу Палітычнай рады дэмакратычных сілаў стала абраньне Віктара Карняенкі -- асобы, якая будзе займацца ўзаемадзеяньнямі з грамадзкімі арганізацыямі. Гэтае прызначэньне было зробленае зь ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча -- адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмсілаў. На чым грунтуецца гэтае прызначэньне і якія пэрспэктывы існуюць у справе магчымага далучэньня няўрадавых арганізацыяў да працы адзінага кандыдата?

Перадусім Віктар Карняенка мае велізарны досьвед грамадзкай працы. Ён быў народным дэпутатам СССР, пасьля ўзначальваў розныя грамадзкія арганізацыі. Дарэчы, цяпер у Беларусі існуе больш за дзьве тысячы зарэгістраваных няўрадавых арганізацыяў. Да гэтага ліку можна дадаць шэраг розных ініцыятываў. Як бачна, тут велізарнае поле для працы. І каманда адзінага кандыдата спадзяецца, што менавіта тут спадар Карняенка пакажа свае лепшыя здольнасьці. І вось як гаворыць пра гэта паплечнік Віктара Карняенкі па Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр:

(Альфэр:) "Уся справа ў тым, што ў Беларусі больш за дзьве тысячы грамадзкіх аб''яднаньняў, многія зь якіх жадалі б тым ці іншым чынам удзельнічаць у выбарчай кампані, напрыклад, дапамагаць у мабілізацыйнай камапніі. Таму, каб можна было каардынаваць дзейнасьць грамадзкіх аб''яднаньняў з плянам работы выбарчага штабу дэмсілаў, у склад Палітрады і быў уведзены Віктар Карняенка -- чалавек, які вельмі добра ведае працу грамадзкіх арганізацыяў, які сам з''яўляецца сябрам шэрагу грамадзкіх аб''яднаньняў і які мае трывалы аўтарытэт у грамадзкіх аб''яднаньнях".

А ці дазваляе беларускае заканадаўства грамадзкім арганізацыям наагул удзельнічаць у выбарчай кампаніі? Вось як адкавзвае на гэтае пытаньне кіраўнік зачыненага ўладамі правабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі:) "Напрамую закон не забараняе. Ёсьць такія рэчы, якімі можна займацца. А ёсьць і такія, якімі нельга займацца. Займацца назіраньнем за выбарамі грамадзкія арганізацыі маюць права, таму што згодна закону аб выбарах любая грамадзкая арганізацыя можа вылучыць назіральнікаў на выбары. Напрыклад, калі гэта рэспубліканская арганізацыя, дык яна можа вылучаць назіральнікаў нават у Цэнтральную выбарчую камісію. А адпаведна зарэгістраваныя рэгіянальныя філіі арганізацыі могуць вылучаць назіральнікаў у рэгіянальныя камісіі. І гэта ёсьць праз назіраньне фактычны ўдзел у выбарах. З другога боку, неўрадавыя арганізацыі ня маюць права агітаваць за якога-небудзь кандыдата. Хаця законам гэта не забаронена, але выдаюцца спэцыяльныя пастановы ЦВК, якія жорстка рэглямэнтуюць выдаткі кандыдатамі. Напрыклад, калі нейкая арганізацыя агітуе сваімі сродкамі за нейкага кандыдата, гэта могуць палічыць як выдаткі, якія перавышаюць вызначаны ліміт. Гэта тое, што тычыцца закону. А па-за межамі закону, у рэальнай сытуацыі ўлада можа прыхлопнуць любую грамадзкую арганізацыю проста так, як муху".

Але калі казаць пра магчымыя дзеяньні няўрадавых арганізацыяў выключна ў межах заканадаўства, дык і тут выглядае, што ім будзе працаваць вельмі складана. Што кажуць пра гэта тыя грамадзкія дзеячы, якія ўжо так бы мовіць прайшлі праз гэта? Калі я шукаў камэнтары да гэтага пытаньня, дык некалькі кіраўнікоў няўрадавых арганізацыяў сказалі, што яны ня хочуць гэтага камэнтаваць, бо баяцца за лёс тых арганізацыяў, якія яны ўзначальваюць. І пра вялікую рызыку грамадзкіх актывістаў кажа Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі:) "Любая арганізацыя, якая будзе больш-менш актыўнічаць падчас выбараў, вельмі моцна рызыкуе. І прыклад "Вясны" як раз вельмі яскравы, бо нас і прыхлопнулі за тое назіраньне, якое мы праводзілі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Гэта афіцыйная фармулёўка Вярхоўнага суду -- за парушэньне заканадаўства падчас назіраньняў". (Карэспандэнт:) "А ў чым парушэньне было, калі арганізацыя магла згодна з законам вылучаць назіральнікаў?"

(Бяляцкі:) "Парушэньне ў тым, што з тых трох з паловай тысячаў назіральнікаў, якіх мы вылучылі, улады праз пракуратуры знайшлі двух (!) чалавек, які адмовіліся ад таго, што мы іх вылучалі. Ну, натуральна, што праз пракуратуры можна было і дваццаць знайсьці. Я думаю, што недзяржаўныя арганізацыі (асабліва, калі гэта незалежныя арганізацыі, не тыпу БРСМ, які, натуральна, можа і будзе рабіць усё, што ён хоча, прыкладам зноў праводзіць кампанію "Мы -- за бацьку!") ня будуць зацікаўленыя, каб іх так бы мовіць бачылі. Таму, я думаю, што такія арганізацыі, калі і будуць удзельнічаць у выбарах, дык будуць старацца хаваць свой удзел максымальна".
XS
SM
MD
LG