Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – гадавіна рэфэрэндуму А.Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Акцыямі пратэсту адрэагавала дэмакратычная грамадзкасьць на фальшаваньне рэфэрэндуму і выбараў 2004 года. Хаця Аляксандар Лукашэнка і назваў “ашаламляльнымі” вынікі свайго рэфэрэндуму, рэжыму давялося ўсё ж рэагаваць на выступленьні апазыцыі.

Нагадаем, 18 кастрычніка тагачасны шэф КГБ Леанід Ерын нечакана выйшаў да дэманстрантаў, каб спыніць акцыю каля будынку сваёй установы. Больш за тое, ён запрасіў некаторых з іх да сябе ў кабінэт для гутаркі. Менавіта гэтая сустрэча каштавала Л.Ерыну ягонай пасады. Праз пару дзён Аляксандар Лукашэнка адмысловым распараджэньнем накіраваў шэфа КГБ у бестэрміновы адпачынак. На пачатку гэтага года кіраўнік краіны прызначыў новага старшыню КГБ і новых намесьнікаў.

Праз месяц пасьля рэфэрэндуму адпраўлены ў адстаўку і яшчэ адзін інжынэр “трэцяга тэрміну” А.Лукашэнкі – Урал Латыпаў, які займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. У.Латыпаў цьвердзіць, што сышоў з прэзыдэнцкай каманды па ўласным жаданьні. А вось нагодай для адстаўкі Л.Ерына магла быць тая сустрэча з апазыцыяй.

(Латыпаў: ) “Хутчэй за ўсё як нагода, а прычыны, я думаю, больш такія сыстэмныя. Ну, у цэлым ацэньваецца праца чалавека, не толькі адзін ягоны ўчынак.

(Карэспандэнт: ) “А як наагул тады ўспрымалася ў адміністрацыі прэзыдэнта гэтая сустрэча Ерына з апазыцыяй?

(Латыпаў: ) “Мяне, напрыклад, больш расстроіла тое, што адбылося – беспарадкі, рэакцыя з боку…Карацей, тое, што адбылося на плошчы і каля плошчы. Можна было пазьбегнуць гэтага канфлікту, я не кажу чыіх дзеяньняў, так…”

Ужо на другі дзень пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў рэфэрэндуму і выбараў улады пачалі дзейнічаць іначай. 19 кастрычніка быў жорстка зьбіты амонаўцамі Анатоль Лябедзька, які трапіў у шпіталь. На мірных дэманстрантаў былі кінутыя дзесяткі машынаў са спэцназаўцамі і салдатамі ўнутраных войскаў. Што ж дапякло так уладу?

Вельмі трапна тады ацаніў сытуацыю А.Лябедзька. Ён сказаў, што “так не робяць тыя, хто атрымоўвае перамогу ў 80 працэнтаў”. Многія дэманстранты былі пакараны суткамі арышту. Міколу Статкевічу далі 10 сутак, а Паўлу Севярынцу 15. Улады распачалі крымінальную справу па факце масавых пратэстаў у Менску. Цяпер М.Статкевіч і П.Севярынец адбываюць пакараньне на “хіміі”.

(Статкевіч: ) “Гэтыя акцыі былі кепска падрыхтаваныя, дэмакратычныя партыі іх не рыхтавалі. Але яны паказалі, што людзі абураныя і яны гатовыя пратэставаць. У першы дзень увогуле не было затрыманьняў доўгатэрміновых. Але нечакана гэта атрымала гучны рэзананс праз расейскую тэлівізію. І калі гэтая інфармацыйная хваля высьвеціла перад усім сьветам увесь абсурд таго, што адбылося з гэтым рэфэрэндумам, усю брутальнасьць дзеяньняў улады, то тады пачалася абсалютна жорсткая рэакцыя, пачаліся масавыя арышты і затрыманьні”.

Паводле Міколы Статкевіча вулічныя акцыі ў наступным годзе могуць быць значна больш эфэктыўнымі, бо на іх задзейнічаны перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча.

(Статкевіч: ) “Я вітаю імкненьне нашага кандыдата выйсьці на вуліцы. Я ўпэўнены, ён мужны і годны чалавек, ён гэта зробіць. Але, мабыць, трэба не выйсьці, а вывесьці людзей на вуліцу. Гэта значыць, што штабу адзінага кандыдата прыйдзецца працаваць над дзьвюма кампаніямі адначасавова: адна звычйная, прэзыдэнцкая, а другая мабілізацыйная кампанія па вываду людзей на вуліцы”.



РЭФЭРЭНДУМЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ 1991-2005

РЭФЭРЭНДУМ 14 ТРАЎНЯ 1995 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 7 445 820 чалавек Прагаласавалі 4 830 582 чалавек (64,8 %)

1. Ці Вы згодныя з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай? За – 4 017 273 (83,3%), супраць – 613 516 (12,7%), несапр. бюлетэняў – 192 693.

2. Ці падтрымваеце Вы прапанову аб усталяваньні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? За – 3 622 851 ( 75,1%), супраць – 988 839 (20,5%), несапр. бюлетэняў – 211 792.

3. Ці падтрымваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? За – 4 020 001 (83,3%), супраць – 602 144 (12,5%), несапр. бюлетэняў – 201 337.

пытаннье для прыняцьця кансультацыйнага рашэньня:

4. Ці Вы згодныя зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага або грубага парушэньня Канстытуцыі? За – 3 749 266 (77,7%), супраць – 857 485 (17,8%), несапр. бюлетэняў – 216 731.

РЭФЭРЭНДУМ 24 ЛІСТАПАДА 1996 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 7 346 397 чалавек Прагаласавалі 6 181 463 чалавек (84,14 %)

Пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам:

1. Перанесьці Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня – дзень вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. За – 5 450 830 (88,18%), супраць – 646 708 (10,46%), несапр. бюлетэняў – 83 925.

2. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. За – 5 175 664 (70,45%), супраць – 689 642 (9,39%), несапр. бюлетэняў – 316 157.

3. Ці выступаеце Вы за свабодную, без абмежаваньняў, куплю і продаж зямлі? За – 948 756 (15,35%), супраць – 5 123 386 (82,88%), несапр. бюлетэняў – 109 321.

4. Ці падтрымваеце Вы адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь? За – 1 108 226 (17,93%), супраць – 4 972 535 (80,44%), несапр. бюлетэняў – 100 702.

Пытаньні, ініцыяваныя дэпутатамі Вярхоўнага Савету:

1. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцыяў камуністаў і аграрыяў. За – 582 437 (7,93%), супраць – 5 230 763 (71,2%), несапр. бюлетэняў – 368 263.

2. Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі? За – 1 739 178 (28,14%), супраць – 4 421 866 (69,92%), несапр. бюлетэняў – 120 419.

3. Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца яўна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту? За – 1 989 252 (32,18%), супраць – 4 070 261 (65,85%), несапр. бюлетэняў – 121 950.

***

РЭФЭРЭНДУМ 17 КАСТРЫЧНІКА 2004 ГОДУ

Уключана ў сьпісы 6 986 163 чалавек Прагаласавалі 6 307 395 чалавек (90,28%)

Ці дазваляеце Вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А.Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце Вы частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні ”? За – 5 548 477 (79,42%), супраць – 691 917 (9,90%), несапр. бюлетэняў – 67 001.

Заўвага: У пытаньнях прыняцьця Канстытуцыі рэспублікі Беларусь вынікі галасаваньня падаюцца зыходзячы з колькасьці грамадзянаў, унесеных у сьпісы для галасаваньня, а ў іншых пытаньнях – зыходзячы з колькасьці грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні.

XS
SM
MD
LG