Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалай Аўтуховіч: "Я адмаўляўся плаціць падаткавай інспэкцыі"


Ягор Маёрчык, Менск Чацьверты дзень ў сьледчым ізалятары Горадні ўтрымліваецца ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў ў асабліва буйных памерах. Бізнэсоўцу пагражае да сямі гадоў турэмнага зьняволеньня. Раней Мікалай Аўтуховіч даў Радыё Свабода інтэрвію, у якім распавёў раней не вядомыя дэталі канфлікту.

(Аўтуховіч: ) "Я ніколі не плаціў падаткавай інспэкцыі. Яны спрабавалі ня мяне наехаць, каб я ім плаціў. Я прыйшоў да старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Савельева і кажу: "Дапамажыце, бо тут беззаконьне". Пасьля гэтага звароту, на мяне яшчэ болей пачалі ціснуць. Ёсьць факты, што іншыя чыноўнікі, якіх пакрывае Савельеў, таксама парушалі закон. Прадпрымальнікі на гэта скардзяцца, але ніякай рэакцыі няма. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанка абураўся. Ён сказаў: "Я табе не дарую таго факта, што ты зладзіў публічную галадоўку, што ты прымусіў галадаць людзей! Я цябе пасаджу ў турму!" Я яму тады сказаў: "Калі вам хоць адзін чалавек скажа, што я яго прымусіў галадаць, я сёньня магу сесьці". Намесьніку начальніка Дзяржантролю ён дае загад: "Пайдзі, перавярні там з ног на галаву і знайдзі!" Мяне ўзрушылі гэтыя словы. Яны азначаюць адно -- фас! Я яшчэ раз падкрэсьлю, што ні ў адным з дакумэнтаў падаткавай інспэкцыі не напісана, што я не плаціў падаткі. Мяне абвінавачваюць не ў парушэньні падаткавай дысцыпліны, а парушэньне правілаў разьліку -- а гэта банкаўская дысцыпліна. Шараговы падаткавы інспэктар ведае, што тут няма парушэньняў. Але як такога ня бачаць чыноўнікі?! Выснова тут адна: гэтая група людзей зьдзяйсьняе злачынства -- яны душаць прыватны бізнэс. У Ваўкавыску людзі бачаць, што няма нічога дрэннага ў тым, што мы робім. Я вам скажу так: сёньня нашаму сэрвісу перавозкі пасажыраў зьдзіўляюцца эўрапейцы, якія прыяжджаюць да нас. Мы нічога дрэннага ня робім. Мы перайшлі дарогу чыноўнікам, якія наехалі на мяне. Яны думалі, што я забаюся, прыйду да іх, стану на калені і скажу: "Давайце сябраваць" Але яны не падумалі, што я так не зраблю. Я нічога не баюся. Я ўсё-такі веру, што ўсё будзе нармалёва. Хоць слаба, але веру ў гэта".

Канфлікт паміж уладальнікам службы прыватных таксовак і падаткавай інспэкцыяй Ваўкавыску цягнецца 2 гады. На знак пратэсту супраць дзеяньняў чыноўнікаў Мікалай Аўтуховіч і кіроўцы двойчы галадалі. А паўмесяцы таму Прэзыдыўм Вышэйшага гаспадарчага суду прызнаў прэтэнзіі да бізнэсоўцы неабгрунтаванымі і скіраваў справу на новае расьледваньне. Але ў мінулую пятніцу спадара Аўтуховіча затрымалі.
XS
SM
MD
LG