Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў у аднаўленьні на працы звольненаму дырэктару школы


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Сёлета 19-га жніўня сябар Цэнтральнага камітэту БСДП “Грамада” Леанід Гаравы быў звольнены з пасады дырэктара Вархоўскай базавай школы. Гарадоцкі раённы аддзел адукацыі адмовіўся працягнуць зь ім кантракт нават у якасьці шараговага настаўніка.

Сёньня Гарадоцкі раённы суд у асобе судзьдзі Адяксандра Ляшковіча не падтрымаў пазоў звольненага дырэктара Вархоўскай базавай школы Леаніда Гаравога.

Будучы пэўным, што яго звольнілі незаконна і з палітычных прычынаў, спадар Гаравы меркаваў праз суд аднавіцца на працы, а таксама атрымаць сярэдні заробак за час вымушанага беспрацоўя і матэрыяльную кампэнсацыю маральных стратаў у памеры 2 мільёнаў рублёў. Аднак у судзе ўсё вырашылася на карысьць ягоных апанэнтаў – раённага аддзела адукацыі, які прадстаўляла юрыст райвыканкаму Ірына Дзям''яненка.

Леанід Гаравы мае 18-гадовы досьвед дырэктарскае працы, і школа пад ягоным кіраўніцтвам зрабілася адной з найлепшых у раёне. Тым ня менш, прадстаўніца аддзелу адукацыі спадарыня Дзям''яненка заявіла, што звальненьне спадара Гаравога ёсьць звычайным выпадкам сканчэньня тэрміну кантракту, які наймальнік проста вырашыў не ўзнаўляць.

Зь меркаваньнем Леаніда Гаравога пра тое, што яго звольнілі з парушэньнем закону аб статусе дэпутата мясцовага савета, суд не пагадзіўся. Паводле гэтага закону, дазвол на звальненьне яго як дэпутата Гарадоцкага райсавету мусіў быць падтрыманы іншымі дэпутатамі, але суд вырашыў, што ў дадзеным выпадку, калі гаворка ідзе пра кантрактную сыстэму, зацьверджаную прэзыдэнцкім дэкрэтам, гэтая працэдура непатрэбная.

Спадар Гаравы, адзін зь нешматлікіх апазыцыйных актывістаў, які патрапіў у мясцовы савет, лічыць непасрэднай прычынай свайго звальненьня ня толькі кантрактную сыстэму.

(Гаравы: ) “Гэтае звальненьне зьвязана выключна з маёй прынцыповай пазыцыяй у абароне сваіх сацыяльна-эканамічных правоў, з маёй працай па паляпшэньні якасьці адукацыі і тым, што адміністрацыя аддзела адукацыі мне ў гэтым перашкаджала.

Таксама гэта зьвязана з маёй грамадзка-палітычнай дзейнасьцю на выбарах у 2004-м годзе, калі я браў удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў у якасьці кандыдата ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, і мы праводзілі актыўную перадвыбарчую агітацыйную кампанію з крытыкай існуючага ладу”.

З тым, каб аспрэчыць рашэньне раённага суду, спадар Гаравы мяркуе зьвярнуцца у вышэйшыя судовыя інстанцыі. Гэтую ідэю падтрымліваюць і ягоныя грамадзкія прадстаўнікі – сябар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Адынец і кіраўнік віцебскай філіі Грамадзкага аб''яднаньня Фонд імя Льва Сапегі Хрыстафор Жаляпаў.

(Жаляпаў: ) "Я лічу, што спадар Гаравы мусіць зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб там адказалі, ці ёсьць прэзыдэнцкі дэкрэт вышэйшым за закон аб статусе дэпутата. Бо закон аб статусе дэпутата ніхто не адмяняў!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG