Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натарыюсы абмяжоўваюць права збору подпісаў на рэфэрэндум


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Жлобіне дзяржаўная натарыяльная кантора адмаўляецца заверыць заявы гараджанаў, якія жадаюць удзельнічаць у зборы подпісаў за правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму. Рэфэрэндум прапануюць вядомыя ў краіне палітыкі – Аляксандр Вайтовіч, Васіль Лявонаў, Валерый Фралоў.

Як паведаміў жыхар Жлобіну Генадзь Вераб''ёў, адзін з прыхільнікаў правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму, натарыюсы згодны завяраць подпісы пад заявамі толькі тады, калі ініцыятары ня будуць указваць, якія пытаньні выносяцца на рэфэрэндум:

(Вераб''ёў: ) “Нашы сябры зьвяртаюцца да натарыюса, а той пачынае казаць, што ня мае адпаведных тлумачэньняў управы юстыцыі аблвыканкаму. Патрабуе скасаваць пытаньні, якія прапануюцца на рэфэрэндум і пакінуць толькі тое, што я пагаджаюся ўдзельнічаць у зборы подпісаў за рэфэрэндум. І болей нічога”.

Умовы натарыюсаў пярэчаць патрабаваньням Цэнтрвыбаркаму. Апошні патрабуе, каб ініцыятары збору подпісаў за правядзеньне магчымага рэфэрэндуму дакладна ўказвалі ў заявах сфармуляваныя пытаньні. Яны, дарэчы, датычны неабходнасьці замарозіць камунальныя плацяжы да часу дасягненьня заробку ў людзей у памеры 400 даляраў, зьменаў ў выбарчым заканадаўстве, а таксама скасаваньня ўказу наконт права наймальнікаў заключаць кантракты зь любымі працаўнікамі.

Акурат заявы з пытаньнямі і не жадаюць спраўджваць жлобінскія натарыюсы. Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, што ня маюць адпаведнага дазволу ўправы юстыцыі аблвыканкаму.

Гаворыць загадчыца Жлобінскай дзяржаўнай натарыяльнай канторы Сьвятлана Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) “У нас ёсьць кіраўніцтва – намесьніца начальніка ўправы юстыцыі Жорава Маргарыта Анатольеўна. Калі ласка, няхай яны зь ёю ўзгодняць, а тыя нам дадуць указаньні. Калі гэта магчыма, калі ласка, заверым сапраўднасьць подпісу”.

Пакуль жа ў Жлобіне звыш дзесятка чалавек ня могуць натарыяльна спраўдзіць заявы пра тое, што згодны ўвайсьці ў ініцыятыўную групу па збору подпісаў за правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG