Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвет пачынае ўсьведамляць небясьпеку птушынага грыпу


Сьвятлана Курс, Прага У сьвеце расьце трывога наконт магчымай пандэміі сьмяротнага птушынага грыпу, калі вірус набудзе здольнасьць перадавацца ад чалавека да чалавека. Ва ўсіх краінах узмацняюцца меры засьцярогі. Іхная мэта – спыніць пашырэньне вірусу сярод птушак і падрыхтавацца да таго, што вірус можа перамяніцца так, што будзе лёгка пераходзіць ад чалавека да чалавека. Рэпартаж карэспандэнткі “Свабоды” Кэтлін Мур пераклала на беларускую Сьвятлана Курс.

Два гады таму вірус “птушынага грыпу” упершыню даўся ў знакі. У Азіі на яго захварэлі 100 чалавек, 60 зь якіх памерлі. Гэты штам вірусу – вядомы як H5N1 – перадаўся ад хатняй птушкі да чалавека. Ён ня можа перадавацца ад чалавека да чалавека. Але спэцыялісты цьвердзяць, што вірус можа лёгка перамяніцца і набыць такую здольнасьць. Вынікам можа стаць сусьветная пандэмія, якая заб''е мільёны людзей.

На мінулым тыдні птушыны грып прыйшоў у Эўропу – у Турэччыну, і магчыма, Румынію. Міністар аховы здароўя ЗША Майкл Лівіт быў адным з занепакоеных спэцыялістаў.

(Лівіт: ) "Мы павінны дзейнічаць цяпер, але пакуль ідзе падрыхтоўка да магчымых наступстваў. Наколькі верагодна, што будзе пандэмія? Ніхто ня ведае, але нас турбуюць зьявы, якія мы назіраем у Румыніі, Турэччыне, іншых краінах, празь якія праходзяць міграцыйныя маршруты дзікіх птушак”.

Чалавецтва пачынае дзейнічаць – мільёны птушак былі зьнішчаны на фэрмах Азіі, Турэччыны й Румыніі. Расея ўлетку уводзіла карантын на фэрмах у Сыбіры, дзе былі ўспышкі хваробы.

Заўтра эўрапейскія міністры аховы здароўя сустрэнуцца, каб абмеркаваць надзвычайныя меры. Ужо забаронены вываз жывых птушак з Румыніі й Турэччыны. Асабліва важна спыніць кантакты дзікіх птушак з хатнімі, для чаго ў некаторых краінах хатніх птушак трымаюць у памяшканьнях. Нясушка можа захварэць ад ластаўкі. Грэцкія паляўнічыя пагадзіліся перадаваць застрэленых птушак для аналізу.

Прэзыдэнт Грэцкай асацыяцыі паляўнічых Нікас Папададзімас паведаміў:

(Папададзімас: ) "Мы паслалі на аналіз каля 1000 птушак пэўных відаў. Тэсты пакажуць, ці ёсьць там нейкія праблемы”.

Краіны рыхтуюцца да карантыну ў выпадку пандэміі. ЗША вырашылі забясьпечыць карантын з дапамогай войскаў. Сусьветная арганізацыя здароўя пераконвае краіны запасацца лекамі кшталту Tamiflu. Каля 40 краін так і зрабілі. Аднак краіны, дзе пагроза найбольшая, якраз найменш падрыхтаваныя да яе. Так лічыць шэраг брытанскіх мэдыкаў.

Фармацэўтычныя кампаніі папярэджваюць, што стварэньне эфэктыўнай вакцыны можа заняць месяцы, а мо й гады. Магчыма, грошы, якія ідуць на стварэньне вакцыны, лепей патраціць на прафіляктыку? Так лічыць Аляхандра Т’ерман, старшыня Міжурадавай групы “Кодэкс здароўя жывёлаў”. Аднак відавочна, што пробы прафіляктыкі птушынага грыпу ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі выніку не далі. А ці справіцца з гэтай праблемай сьвет?
XS
SM
MD
LG