Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў актывіста прадпрымальніцкага руху


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Суд у Баранавічах адмяніў рашэньне адміністрацыйнай камісіі гарвыканкаму, якая пакарала лідэра мясцовых прадпрымальнікаў Мікалая Чарнавуса за распаўсюд улетак.

Сёлета ў жніўні на спадара Чарнавуса склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі, якая ня мае выходных зьвестак. Гэтай прадукцыяй міліцыянты палічылі ўлёткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У баранавіцкім судзе Мікалай Чарнавус здолеў давесьці, што не парушыў заканадаўства ў часе распаўсюду партыйных улётак. У судзе таксама высьветлілася, што міліцыянты сфальсыфікавалі гэтую справу: адміністрацыйны пратакол быў складзены 18 жніўня, а сам факт распаўсюду ўлётак адбываўся нібыта 20 жніўня.

Гэта сталася падставай для адмены адміністрацыйнага пакараньня для актывіста незалежнага прадпрымальніцкага руху ў Баранавічах, які быў аштрафаваны на адну базавую велічыню. Неўзабаве справа Мікалая Чарнавуса мусіць зноў разглядацца на паседжаньні адміністрацыйнай камісіі.

На гэтым тыдні гэты ўжо другі выпадак, калі на Берасьцейшчыне судовыя працэсы заканчваюцца на карысьць дзеячаў апазыцыі. 11 кастрычніка суд Берасьцейскага раёну спыніў разгляд справы на кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, якога абвінавачвалі ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG