Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палачане ўшанавалі памяць этнографа Сяргея Сахарава


Вінцэсь Мудроў, Полацак У Полацку прайшла імпрэза, прысьвечаная памяці вядомага культурніцкага дзеяча, фальклярыста і этнографа Сяргея Сахарава. Сёлета споўніліся 125 гадоў з дня ягонага нараджэньня, і гэта практычна першае публічнае ўшанаваньне чалавека, які паклаў сваё жыцьцё на алтар Беларушчыны.

Імпрэза пачалася на музычнай ноце: фальклёрны гурт “Полацкія россыпы” выканаў некалькі народных песень, запісаных Сяргеем Сахаравым сярод беларусаў Латвіі. Усяго ж, заўважым, фальклярыстам было запісана 1015 песень, якія гучалі свой час у асяродку латгальскіх беларусаў.

Ня дзіва, што памяць вядомага фальклярыста ўшанавалі палачане, бо менавіта тут, у старажытным месьце, зьявіўся ён на сьвет, і тут, на Полаччыне, прасякнуўся любоўю да ўсяго роднага і крэўнага. Надарылася так, што пасьля заканчэньня Юр’еўскага ўнівэрсытэту Сяргей Сахараў зьвязаў свой лёс з Латгаліяй, дзе міжваеннай парой жыло больш за 70 тысяч беларусаў. Працяглы час, з 1925 па 1932 год, ён кіраваў Дзьвінскай беларускай гімназіяй, не спыняючы, аднак, фальклёрна-этнаграфічных дасьледзінаў. На вялікі жаль, шмат што з навуковай спадчыны беларускага фальклярыста страчана, бо ў 1945 годзе яго, старога, нямоглага і далёкага ад палітыкі чалавека бальшавікі саслалі ў Казахстан.

На імпрэзе, што ладзілася ў сьценах цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі, гучалі ўспаміны пра Сяргея Сахарава, ягоныя празаічныя творы, а таксама беларускія ды латыскія песьні. Вёў вечарыну вядомы паэт і дасьледнік беларускай культурніцкай спадчыны ў Латвіі Сяргей Панізьнік. Як адцеміў вядоўца, самая актуальная задача на сёньня — вярнуць з забыцьця імёны асілкаў нацыянальнага духу, якія абылгалі і затапталі ў бруд. Імя Сяргея Сахарава — адно зь іх. Гаворыць паэт Сяргей Панізьнік:

(Панізьнік: ) “Сяргей Пятровіч Сахараў вяртаецца сёньня ў свой родны Полацак. Мінула 125 гадоў з дня ягонага нараджэньня, і не было яшчэ магчымасьці пагаманіць тут пра ягоны творчы лёс, пра ягоныя нягоды, пра ягоны жыцьцёвы подзьвіг.

Бо калі б не было Сахарава ў Латвіі, не было б культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нашага народу, не было б росквіту талентаў. Бо тыя, каго ён выгадаваў у Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, гэта людзі, што працавалі потым ня толькі дзеля асьветы сваіх суайчыньнікаў, але і для Эўропы. Сёньня мы будзем згадваць ягонае імя, каб вярнуць туды, дзе ён нарадзіўся. Полацак будзе ведаць пра гэта”.
XS
SM
MD
LG