Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абы падла – варон назьлятаецца


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Натрапіла неяк улетку ў вёсцы Лукашына, блізу Сьвіцязі, на сялянскую спрэчку. Паўсьсядаліся немаладыя ўжо мужыкі на карчаўё, ашчэранае зь зямлі пасьля буры, ды неяк глуха перагукваюцца адзін да другога. Ну, чыстае вараньнё на калкох спасярод поплаву: счарнелыя з працы бяскрайняе, з нудоты й чарніла таннага, як вароніна крыльле.

Але ж... “я мужык, а гонар маю”: кіраўніком косьці перамываюць. Звучана цара шкадуюць (як ён усё дагледзець можа?), а панкоў клянуць, колькі моцы, – няма ж на іх рады!

І вось адзін тут, дальбог, падпанак (шляхотна прыбраны, пад саламяным брылём, пасам падперазаны, як у нядзельку й належыць) вазьмі дый каркні недарэчы: “Вышню ўладу мяняць трэба. Гэта ж – зьверакратыя нейкая... Як тое кажуць? Быў бы хлеб, а мышы зьбягуцца. Дык і тут: абы падла – варон назьляталася”.

Прыціхла я на той бок ракі: што будзе?.. Крапіва пячэцца, і Крапіва ў думкі лезе:

І вось адзін тут падсьвінак, які заўважыў бруд раней, і кажа: “Дзядзечка, ваш лыч у брудзе. Нядобра гэта й між сьвіней. А што – калі заўважаць людзі?..

Людзі маўчалі. Адно вада цурчэла. Потым стары адзін вывеў: “Дык жа варона з куста, а пяць – на куст. Гэтак і з тымі правіцялямі”. І... закаркалі. “Ты за варон нас ня лічы!” (“А што ў самога на лычы...” – пстрыкае па галаве мне Кандрат Крапіва.)

“Бабы вунь знаюць, – разважыў той, што сьпінаю да мяне. – Хоць за варонку, ды на сваю старонку. Так і тут: варона дурная, а сваё знае – у сваім жа гасударстве. А ты, бач, накідаесься ў час цяжкі. Польшча й тая на нас нападае – герой тваёй мацяры...”

Прыўзьняў падпанак брыль, пачухаў патыліцу ды падаўся дамоў, да карчаўя таго зноў ніякавата кінуўшы: “Абы падла — варон назьлятаецца”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG