Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заражаных тэрыторыях затрымліваюць выплату грашовай дапамогі


Казімер Яноўскі, Хойніцкі раён На заражанай радыяцыяй Хойніччыне затрымліваюць выплату грашовых дапамогаў для маці малалетніх дзяцей. Грашовыя дапамогі не выплачваюць своечасова перш за ўсё жанчынам, якія працуюць і атрымліваюць гэтыя дапамогі ў бухгальтэрыях калгасаў, саўгасаў ды прадпрыемстваў.

Распавядае маладая маці Вольга зь вёскі Стралічава Хойніцкага раёну:

(Вольга: ) “За ліпень атрымлівалі на дзяцей, і болей не атрымлівалі. Сёньня мне пяцёра мацярок тэлефанавалі, пыталіся — будуць даваць грошы, ня будуць?”

У Вольгі сям’я ня склалася, і яна цяпер адна гадуе сына. Хлопчыку няма яшчэ трох гадоў, але маці выйшла на працу ў сельгаспрадпрыемства “Cтралічава”, спадзеючыся неяк выправіць сваё матэрыяльнае становішча. Аднак заробак тут таксама плацяць зь вялікай затрымкай.

(Вольга: ) “Дапамогу на дзяцей спачатку давалі, потым заробак за ліпень. А пасьля гэтага нічога яшчэ не давалі”, — распавяла маладая маці.

У бухгальтэрыі сельгаспрадпрыемства “Cтралічава” паведамілі, што ў такім жа становішчы, як Вольга, знаходзяцца яшчэ 38 маці. Яны не атрымліваюць своечасова і дапамогі за пражываньне ў чарнобыльскай зоне.

На два-тры месяцы затрымліваюць выплаты дапамогаў на дзяцей у сельгаспрадпрыемствах “Барысаўшчына”, “Хойніцкае”, у “Аграсэрвісе”, раённым камбінаце бытавога абслугоўваньня.

Дырэктар быткамбінату Аляксандар Назарчук, у прыватнасьці, сказаў, што камбінат завінаваціўся мацяркам на дзяцей больш як 4 мільёны рублёў. Доўг утварыўся пры былым кіраўніку, сплаціць цяпер грошы ў кароткі тэрмін няма магчымасьці з прычыны цяжкага фінансавага стану камбінату.

У сельгаспрадпрыемстве “Хойніцкае” сёньня выдавалі мацяркам дапамогі на дзяцей за жнівень. Грошай на выплату заробку за жнівень саўгас ня мае. Усе невялікія паступленьні банк забраў за крэдыты.

(Атрошчанка: ) “Усё ў нас забралі за даўгі. Грошай ужо няма. За даўгі забралі, дык якія могуць быць грошы!” — кажа старшыня прафкаму сельгаспрадпрыемства “Хойніцкае” Зінаіда Атрошчанка.
XS
SM
MD
LG