Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Пакровы ў Беларусі адзначалі Дзень маці


Галіна Абакунчык, Менск На праваслаўнае сьвята Пакровы, 14 кастрычніка, у Беларусі адзначаюць Дзень маці. Дзяржаўным сьвятам гэты дзень стаў у 1996 годзе паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, цяпер у Беларусі завяршаецца Тыдзень маці, а 2006 год кіраўнік краіны абвясьціў Годам маці. Уладныя чыноўнікі тлумачаць гэта сацыяльнай скіраванасьцю палітыкі дзяржавы, а незалежныя экспэрты — перадвыбарчай піяр-кампаніяй.

Урачыстыя імпрэзы, круглыя сталы і прэсавыя канфэрэнцыі, прысьвечаныя Дню маці, у Беларусі пачаліся ў панядзелак. Гэтым часам дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі маці-гераіні, гуманітарную дапамогу — некаторыя шматдзетныя сем’і, адбыліся іншыя дабрачынныя акцыі. Акрамя таго, існуе шэраг заканадаўчых актаў і дзяржаўных праграмаў, скіраваных на сацыяльную падтрымку сем’яў, кажа прадстаўніца Савету рэспублікі Тацяна Краўчанка.

(Краўчанка: ) “Перш за ўсё, канечне, указ прэзыдэнта пра жыльлё, адмыслова для шматдзетных сем’яў. Для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей, ёсьць падатковыя, зямельныя льготы, льготы на харчаваньне дзяцей, на падручнікі — усё гэта дае магчымасьць дапамагчы сям’і ў выхаваньні і падтрымцы дзяцей”.

А як ацэньваюць падтрымку дзяржавы самі маці? Ці лічаць яны сацыяльна абароненымі сябе, сваіх дзяцей і свае сем’і? — пытаюся ў жанчын на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Лічу, што не. Вельмі малыя выплаты, вельмі малая падтрымка, тым больш, што нараджальнасьць у краіне вельмі нізкая. Нешта трэба рабіць”.

(Спадарыня: ) “Адназначна не. Жанчына павінна займацца выхаваньнем дзяцей, а не зарабляньнем грошай на іхнае існаваньне. На 77 ці 40 тысяч, якія жанчына атрымлівае на дзіця да трох гадоў, выгадаваць гэтае дзіця немагчыма. І даць яму паўнавартаснае жыцьцё, харчаваньне, адукацыю і ўсё астатняе — гэтыя грошы вельмі малыя”.

(Спадарыня: ) “Не, я лічу, што ня ўсё робіць нашая дзяржава. У нас ёсьць гэтулькі розных праблемаў, на якія мы яшчэ не знайшлі добрых адказаў ад нашай дзяржавы. Таму я лічу, што можна рабіць нешта і лепш”.

Аднак адмысловай дзяржаўнай праграмы, скіраванай на вырашэньне закранутых мінакамі сацыяльных праблемаў у наступным годзе няма, кажа Тацяна Краўчанка. Мэту абвяшчэньня 2006 году Годам маці спадарыня Краўчанка тлумачыць гэтак:

(Краўчанка: ) “Сэнс абвяшчэньня Году маці — неабавязкова грошы заплаціць альбо льготы нейкія даць. Перш за ўсё — падняць прэстыж маці ў грамадзтве. І я думаю, што ў Год маці нашым прэзыдэнтам і ўрадам будзе прыняты не адзін указ, закон, які будзе падтрымліваць маці й сям’ю”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, дзяржаўныя структуры Беларусі на 60% складаюць жанчыны. Пераважную большасьць працоўных у краіне — таксама жанчыны. Таму і абвяшчэньне 2006 году Годам маці ёсьць папулісцкай кампаніяй уладаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, кажа лідэрка грамадзкай арганізацыі “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “Безумоўна, гэта палітычная акцыя. Ён заўсёды робіць такія захады і паказвае, што клапоціцца пра жанчын, думае пра іх. Ён увогуле забывае казаць, што ў жанчын ёсьць праблемы, у тым ліку невырашальныя. Гэта нізкія заробкі, жаночая беднасьць, праблемы працаўладкаваньня, беспрацоўе. У Беларусі, калі шануюць маці, гэта ў большасьці я разглядаю як піяр-кампанію перад выбарамі”.

Паводле Навукова-дасьледчага інстытуту працы, у Беларусі ніжэй за планку пражытковага мінімуму цяпер знаходзіцца 30% сем’яў: з адным дзіцем — кожная пятая, з двума — кожная другая, а з трыма — большасьць. Акрамя таго, цяпер у краіне каля 33 тысяч непаўналетніх прызнаныя сіротамі і выхоўваюцца ў дамах-інтэрнатах, каля 4 тысяч бацькоў пазбаўленыя волі за ўхіленьне ад выхаваньня дзяцей, у краіне адмененая забарона на прымусовае лячэньне жанчын ад алькагалізму, 70% беспрацоўных складаюць жанчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG