Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць літаратурны часопіс “Паміж”


Валянціна Аксак, Менск Новае літаратурнае выданьне прысьвечанае творчасьці маладых беларускіх літаратараў, яго выдаюць студэнты літаратурна-філязофскага факультэту Беларускага калегіюму. На сёньня ў бібліятэцы Дому літаратара заплянаваная прэзэнтацыя новага выданьня.

Незвычайную назву часопісу далі навучэнцы Беларускага калегіюму. Яны ж пераканалі філёзафа Валянціна Акудовіча, свайго выкладчыка і куратара, у найбольшай адпаведнасьці менавіта такой назвы для свайго выданьня. Гаворыць Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Яны як прамежкавая генэрацыя, як прамежкавая інтэлектуальна, эстэтычна, сацыяльна і палітычна, вельмі востра адчуваюць неналежнасьць ужо да той прамінулай эпохі і яшчэ ня бачылі, не адчувалі ў тым будучым, якое надыдзе”.

Спадар Акудовіч кажа, што гэтая назва вельмі адпавядае і той сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца сусьветная інтэлектуальная думка і на якую, па ягоным перакананьні, выпускнікі калегіюму і аўтары часопісу змогуць паўплываць.

Часопіс “Паміж” — адна зь нешматлікіх магчымасьцяў для публікацыі першых твораў маладых беларускіх літаратараў. Гаворыць маладая паэтка Вера Бурлак:

(Бурлак: ) “Што тычыцца публікацыі твораў, тут усё даволі складана — зачыняюцца выданьні, зачыніліся ўжо і працягваюць зачыняцца, дзе можна было друкавацца маладым, а зь іншага боку, у маладых беларускіх пісьменьнікаў невялічкая вельмі аўдыторыя. Прычым гэтая аўдыторыя не заўсёды ведае, дзе знайсьці тыя выданьні, у якіх можна нашыя творы пачытаць. Таму стасавацца чытачам і пісьменьнікам маладым даволі цяжка”.

Недзяржаўныя літаратурныя выданьні не распаўсюджваюцца праз кнігарні, шапікі “Белпошты” і “Саюздруку”, падпіску на іх забараняюць рабіць бібліятэкам. Адзінай формаю сустрэч чытачоў з творамі маладых, і ня толькі, беларускіх літаратараў засталіся вечарыны. Таму яны апошнім часам выклікаюць вялікую цікавасьць публікі. Што, лічыць Вера Бурлак, дае надзею на шчасьлівую будучыню сёньняшніх маладых пісьменьнікаў.

(Бурлак: ) “Я спадзяюся, сіла дзеяньня, узьдзеяньня на маладых літаратараў, нават адмоўнага, павялічыць сілу супрацьдзеяньня, і гэты рух выжыве, бо ён хоча жыць”.

Дапамагчы гэтаму можа стварэньне новых незалежных выдавецкіх праектаў, якія змаглі б больш поўна паказваць літаратурны працэс у Беларусі, які, як лічыць Вера Бурлак, загнаны цяпер у нашай краіне ледзь не ў падпольле.
XS
SM
MD
LG