Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная рада дэмакратычных сілаў падтрымала ідэю трыбуналу


Уладзімер Глод, Менск Палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі падтрымала ініцыятыву аб стварэньні міжнароднага судовага трыбуналу ў справе расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэтая ініцыятыва зыходзіць ад Людмілы Карпенкі – удавы вядомага беларускага палітыка, які зышоў з жыцьця у красавіку 1999 году пры загадкавых абставінах. Наколькі верагодна стварэньне такой арганізацыі?

Што тычыцца стварэньня такой арганізацыі, дык, фактычна, яна ўжо існуе. Ёсьць людзі, як у Беларусі, так і за межамі краіны, якія ўжо некалькі год займаюцца гэтай праблемай: вывучаюць розныя дакумэнты, запісваюць выказваньні розных людзей, параўноўваюць розныя факты... Адным словам, яны займаюцца сьледчай працай. І самае галоўнае – шукаюць сьляды зьніклых: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага...

Зразумела, узьнікае пытаньне: а на якой падставе дзейнічаюць гэтыя людзі? Адказаць я папрасіў Паўла Знаўца. Ён дыплямаваны юрыст у галіне міжнароднага права, выкладаў менавіта гэты курс у БДУ.

(Знавец: ) "Тыя асобы, якія ствараюць міжнародны грамадзкі трыбунал, дзейнічаюць адпаведна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 61), які дазваляе зьвяртацца па дапамогу ў міжнародныя структуры, калі вычарпаныя мажлівасьці зрабіць нешта у краіне згодна з нацыянальным заканадаўствам.

Ёсьць таксама Дэклярацыя аб абароне ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў (рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН ад 18 сьнежня 1992 году). Ну і адпаведна далей былі ж прынятыя шэраг рэзалюцыяў па Беларусі Камісіі ААН у правох чалавека, дзе адзначалася, што ўсе вінаватыя павінны стаць перад незалежнымі трыбуналамі. Грамадзкі міжнародны трыбунал – гэта першая інстанцыя ва ўмовах дыктатуры, якая можа лічыцца незалежнай ад пануючай улады. Усё робіцца згодна міжнароднаму праву".

Ініцыятыва стварэньня трыбуналу належыць Людміле Карпенцы, якая ўпэўненая: яе муж памёр невыпадкова. Шмат працуе кандыдат юрыдычных навук Васіль Емяльянаў, якія зьехаў зь Беларусі і цяпер стала жыве ў Лёндане. Вядома, што прапанова далучыцца да трыбуналу паступіла Хрыстасу Пургурыдасу – ён займаўся беларускімі справамі па даручэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Актыўна дзейнічае і калега Генадзя Карпенкі ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Павал Знавец...

Спадар Знавец такім чынам ацэньвае магчымыя наступствы вынясеньня вэрдыкту незалежнага трыбуналу:

(Знавец: ) "Калі гэты трыбунал адбудзецца і калі будзе вынесены вэрдыкт, дык краіны, якія маюць унівэрсальную юрысдыкцыю, згодна міжнароднаму праву могуць распачаць крымінальны перасьлед грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі. Гэты статус – падазронага ў зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці – хутчэй за ўсё ня дасьць яму ні маральнага, ні юрыдычнага права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Вэрдыкт будзе, безумоўна накіраваны ва ўсе міжнародныя структуры і беларускія органы, нават такі квазі-парлямэнт, як Палата прадстаўнікоў, Рэспубліканскую пракуратуру і г.д.".

Удава Генадзя Карпенкі вельмі спадзяецца, што міжнародны грамадзкі трыбунал дасьць адказы на многія балючыя пытаньні:

(Карпенка: ) "У мяне няма сумневу, што Генадзя забілі. У першыя дні я пра гэта ня думала, паколькі знаходзілася ў шоку. Чым больш я над гэтым разважала, супастаўляла факты, дык я зразумела, што гэта незвычайная сьмерць. І выказваньні Генадзя да гэтага, і паводзіны некаторых людзей, нават тых, хто бачылі яго ў апошні дзень, ды і іншыя многія факты".
XS
SM
MD
LG