Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Сяргеем Скрабцом пачнецца ў лістападзе


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта паведаміў Алег Дубавец — адвакат вядомага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Разглядаць гэтую справу будзе Вярхоўны суд Беларусі. Сяргея Скрабца афіцыйна абвінавачваюць у трох выпадках парушэньня заканадаўства — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару ў асабліва буйных памерах.

Малодшы брат былога дэпутата, Аляксандар, які праходзіць суўдзельнікам па справе Сяргея Скрабца, але знаходзіцца на волі, паведаміў, што сёньня пасьля працяглага перапынку родныя атрымалі ліст ад вязьня. Ён дзякуе за пасылку, піша, што атрымлівае выпісаныя для яго бацькамі “Народную Волю” і “БДГ. Деловую газету”. У камэры Валадаркі, акрамя брата, знаходзяцца яшчэ трое арыштаваных, гаворыць Аляксандар Скрабец:

(А.Скрабец: ) “Сядзіць у камэры з інтэлігентнымі людзьмі. Усе з вышэйшай адукацыяй і ўсе ня паляць, што добра, паколькі Сяргей сам ня паліць. А ў камэрах звычайна больш тых, хто паліць”.

* * *

Сяргей Скрабец быў арыштаваны ў сярэдзіне траўня. Спачатку яго ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён на знак пратэсту (былы дэпутат лічыць сваю справу палітычнай) галадаваў амаль сорак дзён. Пасьля ён быў пераведзены ў сьледчы ізалятар у Менску.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG