Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14-га кастрычніка нарадзіўся трактар "Беларусь"


RFE/RL 14 кастрычніка ў Беларусі – традыцыйнае сьвята Пакроў або Пакровы ці Пакравы. Ягоная назва паходзіць ад “покрыва Божае Маці”. Існуе мноства народных прымавак, зьвязаных з Пакровам, бо зямля гэтым часам “пакрывалася лістом або сьняжком, вада – лёдам, а пчала – мёдам”. А яшчэ гэта спрадвеку быў час пачатку вясковых вясельляў, які будзе цягнуцца да 27 кастрычніка – менавіта да гэтага дня працягваецца і Пакроў.

Сёньня – дзень нараджэньня трактара «Беларусь». Менавіта 14 кастрычніка 1953 году з канвэеру Менскага трактарнага заводу сыйшла першая такая машына. Сёньня гэтыя трактары ведаюць па ўсім сьвеце.

14 кастрычніка 1964 году ў СССР адбылася гістарычная падзея – зьмяніўся кіраўнік краіны. У гэты дзень пленум ЦК КПСС зьняў з пасады Генсека Мікіту Хрушчова і абраў на ягонае месца Леаніда Брэжнева.

14 кастрычніка 90 гадоў таму на Калінкаўшчыне нарадзіўся беларускі пісьменьнік Усевалад Краўчанка. Доўгі час ён быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка». Краўчанка -- аўтар шматлікіх кніг, першыя зь якіх выйшлі яшчэ перад вайною. Пісаў ён таксама п''есы і творы для дзяцей. У 1961 годзе Краўчанка загінуў падчас турыстычнае паездкі ў Францыю.

14 кастрычніка ў розныя гады нарадзіліся ангелец Ўільям Пэн, які стаў заснавальнікам амэрыканскай калёніі Пэнсыльванія, польскі раманіст Стэфан Жаромскі, які прысьвяціў свае творы ў тым ліку і паўстаньню пад кіраўніцтвам Каліноўскага, і Дўайт Эйзэнгаўэр, 34-ты прэзыдэнт ЗША, які ў часе другой сусьветнай вайны камандаваў войскамі антыгітлераўскай кааліцыі ў Эўропе.

І – некалькі каляндарных датаў заўтрашняе суботы.

15 кастрычніка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет тры выдатныя дзеячы беларускай гісторыі, тры ўдзельнікі антырасейскага паўстаньня 1794 году, тры эмігранты, якія мусілі выехаць з роднай Беларусі. У 1817 годзе ў Швэйцарыі памёр Тадэвуш Касьцюшка. У такі самы дзень у 1824 годзе таксама на чужыне памёр Рамуальд Гедройц – адзін з галоўных камандзіраў Касьцюшкоўскага паўстаньня. Нарэшце, у 1833 годзе ў Флярэнцыі памёр Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай і кампазытар, аўтар знакамітага палянэзу “Разьвітаньне з Радзімай”, які таксама браў чынны ўдзел у паўстаньні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі.

15 кастрычніка 1968 году ў вёсцы Леніна Горацкага раёну быў урачыста адкрыты мэмарыяльны комплекс польска-савецкай баявой садружнасьці. Акурат у гэтым месцы ў кастрычніку 1943 году ў бой зь немцамі ўступіла сфармаваная ў СССР 1-я польская пяхотная дывізія імя Касьцюшкі.

15 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет рымскі паэт Вэргілі, расейскі паэт Міхаіл Лермантаў, нямецкі філёзаф Фрыдрых Ніцшэ і былы прэм’ер-міністар Ізраіля Іцхак Шамір. Сапраўднае прозьвішча Шаміра было Езярніцкі і нарадзіўся ён у Ружанах на Берасьцейшчыне.
XS
SM
MD
LG