Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першымі гледачамі каналу “MTV Беларусь” будуць сталічныя мінакі


Ігар Карней, Менск Заўтра на Кастрычніцкай плошчы Менску адбудзецца першая акцыя музычнага тэлеканалу “MTV Беларусь”. Прэзэнтацыя падзеі будзе наладжаная побач зь вялікім экранам, усталяваным там.

Паводле аднаго з кіраўнікоў праекту, сьпевака Валіка Грышка, гледачам будуць прапанаваныя чатыры найлепшыя, на думку творчай рэдакцыі беларускай “філіі” MTV, кліпы сучаснай беларускай музыкі. Каму менавіта давераць ролю першапраходніка ад усясьветна вядомага брэнду да гледача — пакуль не ўдакладняецца, каб захаваць пэўную інтрыгу. Таксама ўпершыю будзе паказаная музычная застаўка, якой, апроч калектыву рэдакцыі, больш ніхто ня бачыў.

Першым часам “MTV Беларусь” будзе прапісанае на канале вяшчаньня расейскай вэрсіі гэтага каналу, які абанэнты “Космас TV” прымаюць ужо некалькі месяцаў. Пакуль гэта будуць, збольшага, рэклямныя ўстаўкі ў расейскую вэрсію, але паступова беларускі аналяг, як кажа Валік Грышко, будзе “абрастаць” уласнымі праграмамі, са сваімі вядучымі і “ві-джэямі”. Калі можа чакаць тэлевізійнай прэзэнтацыі, кажа сам спадар Грышко:

(Грышко: ) “У першай дэкадзе лістапада. Паўнавартасныя будзем паступова ўводзіць праграмы, мяркую, таксама да канца лістапада”.

Адметнасьцю ўсяго праекту зьяўляецца, як кажуць арганізатары прыходу MTV у Беларусь, беларускамоўнае вяшчаньне. Адрозна, прыкладам, ад ужо існага праекту — “Першага музычнага каналу”, які працоўнай мовай абраў расейскую.

Прэзэнтацыя праекту “MTV Беларусь” адбудзецца заўтра а 16-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску.
XS
SM
MD
LG