Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ва ўсім разумеюцца апазыцыйныя актывісты цэнтру і рэгіёнаў?

Аляксандар Уліцёнак, Менск Галоўны ўрок нядаўняга Кангрэсу дэмакратычных сілаў краіны яго ўдзельнікі ўбачылі ва ўменьні аб’ядноўвацца. Нягледзячы ні на рознасьць ідэйных плятформаў, ні на асабістыя амбіцыі. Ці ўдасца зрабіць тое самае на рэгіянальным узроўні? Як мясцовыя дэмакраты шукаюць агульную мову паміж сабой? Што замінае наладжваньню адносінаў палітычнага актыву з насельніцтвам глыбінкі? .

Напачатку – крыху статыстыкі. Паводле сацыёлягаў, якія працуюць пад кіраўніцтвам прафэсара Алега Манаева, чым далей ад Менску, тым больш аптымістычна людзі ацэньваюць сваё эканамічнае становішча. А гэта, як вядома, адзін з найважнейшых складнікаў палітычнай матывацыі грамадзтва. Калі ў сталіцы паляпшэньне ўласнага жыцьця апошнім часам адчулі менш за 10 працэнтаў, дык у маленькіх гарадах – больш за 18, а ў вёсцы – амаль кожны чацьверты чалавек. Камэнтуе доктар сацыялёгіі Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “На ніжніх узроўнях грамадзтва сытуацыя такая: чым ніжэй, тым ацэнка таго, што адбываецца, павышаецца. Адсюль вынікае, што працаваць любым дэмакратычным сілам у нізе беларускага соцыюму больш складана”.

Шмат хто зь мясцовых актывістаў лічыць: найпершая прычына гэтага – уладны прэсінг. Калі за іншадумства звальняюць нават добрага спэцыяліста, дык, маўляў, радавыя работнікі становяцца яшчэ больш ціхія. Гэта асабліва выразна відаць у невялікіх мястэчках ці вёсках, дзе дэмакратаў зусім мала. Аляксандар Чыбісаў з пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну нядаўна страціў працу сьлесара газавай кацельні...

(Чыбісаў: ) “Мяне звольнілі з працы, і тыя людзі, якія яшчэ працягваюць працаваць, як бы й насьміхаюцца. Што яны лепшыя. Што яны працуюць. А вось той, хто пра дэмакратыю казаў, што пры дэмакратыі людзі жывуць лепей, ён ужо не працуе. Вось гэта вельмі моцна дзейнічае на людзей. І нават тыя сябры, што былі, ужо кажуць: ня будзем зьбіраць подпісы, бо зь цябе сьмяюцца... Цябе звольнілі, а ў нас сем’і, дзеці”.

Нярэдка цураюцца загнаных у кут актывістаў нават сваякі, якіх улады выкарыстоўваюць як своеасаблівы дадатковы рычаг ціску на апазыцыянэраў. Андрэй Кора працаваў галоўным аграномам у мазырскім калгасе “Прамень Кастрычніка”. Летась за ўдзел у выбарчай кампаніі страціў сваю пасаду...

(Кора: ) “Да цяперашняга моманту я нідзе не працую. Хаця ў тым калгасе, дзе я працаваў, не знайшлі чалавека на маё месца. І цяпер там ёсьць вакансія. Ставіш пад удар ня толькі сябе, але й сваю сям’ю, родных. На іх таксама ціснуць: “Цыкні на брата – што ён робіць?!” У гэтым сэнсе цяжка і небясьпечна. А вось жонка трымаецца. Я зь ёй афіцыйна скасаваў шлюб. Так і трымаемся – двое дзяцей, сыну адзінаццаць, дачцэ пяць...”

Падобных прыкладаў хапае. Дык што, улада дамагалася свайго – перабіла страхам сувязь актывістаў зь людзьмі, якія пакуль што вагаюцца, ня вызначыліся, каго падтрымліваць: уладу ці апазыцыю? Самыя апошнія сацыялягічныя замеры сьведчаць: тут далёка ня ўсё так проста, як падаецца на першы погляд... Гаворыць прафэсар Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “На ўзроўні раённых цэнтраў і невялікіх гарадкоў людзі ня толькі больш чулі пра гэта, ня толькі больш ведаюць тых, што рыхтавалі сходы, але й гатоўнасьць да пераменаў у іх павысілася”.

А як тлумачаць сытуацыю дэмакраты з рэгіёнаў? Актывіст партыі БНФ з Асіповічаў Ігар Сімбіроў:

(Сімбіроў: ) “Народ стаміўся, і народ спачувае тым, каго звальняюць з працы. Яны ўжо больш пачынаюць разумець. Нават разумеюць самі чыноўнікі. Яны хаця й звальняюць, але тлумачаць, чаму звальняюць. Яны пачуваюць сябе вінаватымі. І нават могуць аказваць падпольную падтрымку. Гэта наш патэнцыйны пратэставы электарат, зь якім трэба працаваць”.

Размаўляю зь сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі жлобінцам Сяргеем Мірашнічэнкам:

(Мірашнічэнка: ) “Вось у нас Рыбчанку звольнілі з БМЗ, Афанасьева ўвесь час перасьледуюць... Іншыя сытуацыі... Фактычна ідзе такі вялікі прэсінг па ўсёй краіне супраць дэмакратычных сілаў”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а калі людзі бачаць, што вас прэсінгуюць, ці хоць неяк яны падтрымліваюць вас? Ці падставяць плячо, ці скажуць добрае слова?”

(Мірашнічэнка: ) “Калі людзі бачаць, што нармальных, добрасумленных грамадзянаў улада пачынае прасаваць, то людзі маральна падтрымліваюць. Няма такога вакуўму вакол нас”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым канкрэтна праяўляецца падтрымка?”

(Мірашнічэнка: ) “Напрыклад, з намі пачынаюць кантактаваць болей і просяць інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне. Людзі спачуваюць нам, і гэта ёсьць добрае зерне, якое можа даць добрыя ўсходы...”

Выснову Сяргея Мірашнічэнкі з Гомельшчыны пацьвярджае прафэсар Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Дзе больш за іншых чулі пра Кангрэс? Гэта ў абласных цэнтрах – амаль 29 працэнтаў – і ў раённых гарадах – 26 працэнтаў”.

Паводле сацыёляга Алега Манаева, малавядомы ў маштабах краіны актыў глыбінкі насамрэч працуе з эфэктыўнасьцю, якая не саступае, а часам нават перавышае вынікі сталічных дэмакратаў. Між тым нярэдка кіраўнікі цэнтральных офісаў па інэрцыі лічаць, што рэгіянальныя актывісты саступаюць ім ва ўменьні наладжваць сапраўды дзейсныя палітычныя кантакты з насельніцтвам. І гэта моцна замінае агульнай справе, перакананы адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Берасьцейшчыны Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Мы – дэмакраты, і ведаем, што ёсьць найважнейшыя прынцыпы дэмакратыі: прынцыпы пераемнасьці. Гэта галоўны прынцып дэмакратыі, бо ён прыводзіць новых людзей, нясе новыя думкі. Зразумейце, што дэмакратыя – гэта ня толькі словы, а яшчэ й праца. І кожны лідэр павінен несьці адказнасьць за вынікі сваёй дзейнасьці. Для дэмакратыі патрэбен вынік”.

Заклапочаны ва ўзаемаадносінах з цэнтрам і рэгіянальны каардынатар Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гомелю Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Мне ўяўляецца самай вялікая праблемай, што страчана зваротная сувязь з цэнтрам. Гэта ёсьць, гэта відавочна. Больш за тое, ідзе нейкая штучная ізаляцыя. Цэнтар сам па сабе нешта робіць, а рэгіяналы – самі па сабе. І адзіныя дзеяньні ня вельмі атрымліваюцца. З цэнтру зьяўляюцца людзі толькі тады, калі патрэбныя выбары, і гэтак далей. Але партыі павінны займацца штодзённай працай. На маю думку, гэта праблема будзе ключавой у 2006 – 2007 гадох”.

Кіраўнік жлобінскай суполкі АГП Марат Афанасьеў таксама пацьвярджае: пэўныя праблемы ва ўзаемаадносінах з абласнымі і нацыянальнымі кіроўчымі органамі ёсьць. Аднак ён лічыць, што падрыхтоўка да Кангрэсу дэмсілаў дапамагла спрасьціць пошукі палітычнага кансэнсусу:

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць у вас сілы, жаданьне і патэнцыял супраціўляцца таму, што вы лічыце не зусім патрэбным і не зусім слушным у канкрэтнай сытуацыі зусім канкрэтнага рэгіёну?”

(Афанасьеў: ) “Вядома, калі зьбіраемся сумесна, мы выказваем сваё разуменьне працэсу, сваё стаўленьне да таго, што мы бачым. І калі ідэі нашых кіраўнікоў больш пераканаўчыя, дык мы з задавальненьнем іх падтрымліваем і знаходзім так званы кансэнсус”.

Лідэр слуцкай гарадзкой арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Анатоль Балакір падкрэсьлівае: пры вырашэньні такіх праблемаў прынцыповае значэньне маюць асабістыя якасьці дэмакратычных лідэраў. Бо, як правіла, менавіта гэтыя людзі навідавоку. І іхныя паводзіны вельмі часта праектуюцца грамадзтвам на ўсю апазыцыю.

(Балакір: ) “Сярод апазыцыянэраў таксама ёсьць і падонкі, і правакатары. Таму галоўнае – каб чалавек быў прыстойны, каб ён людзей не ў балота завёў, а да перамогі”.

Несумненным лідэрам вялейскіх апазыцыянэраў лічыцца Ўладзімер Малярчук. І гэта, кажуць сябры, найперш дзякуючы маральным якасьцям Малерчука. Цягнуцца ня проста да сьмелых... Вось і няма сярод тамтэйшых дэмакратаў “міжпартыйных” спрэчак.

(Малярчук: ) “У 2001 годзе я сабраў каманду назіральнікаў 175 чалавек. У нас было 45 машын, якія развозілі па раёне. То бок людзі бясплатна працавалі, усё будавалася на ідэі. Мы маглі быць там і ўдзень, і ўначы. Цяпер застаюцца самыя дзейныя, самыя актыўныя і з боку БНФ, і з боку АГП. І нават тыя, хто не зьяўляецца сябрам ніводнай арганізацыі, яны з намі”.

Здолелі пераступіць групавыя інтарэсы і ў статысячным Салігорску. Гаворыць лідэр мясцовага жаночага руху Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Сёньня ў Салігорску дзейнічае каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў, якая працягвае аб’ядноўваць тыя сілы, што дапамогуць прыйсьці нам да перамогі. Але для гэтага трэба дастукацца да кожнага чалавека. Трэба даць людзям упэўненасьць: мы можам, ужо можам, нягледзячы на тое, што апазыцыя нібыта знаходзіцца па-за законам, можам абараніць іх і дапамагчы”.

Паводле спадарыні Насановіч, шмат хто з салігорцаў мае цалкам абгрунтаваныя прэтэнзіі да цяперашняй улады. Пасьля шматлікіх няўдалых спробаў дабіцца справядлівасьці ў калідорах улады яны пайшлі раіцца з апанэнтамі вэртыкалі... І вось тут паўстае пытаньне: як залучыць да сябе такіх людзей канчаткова? Адных спачуваньняў тут мала. Трэба націскаць на чыноўнікаў, каб праблемы вырашаліся. Але як? Напачатку салігорскія актывісты вырашылі сыстэматызаваць асноўныя збоі вэртыкальнага мэханізму:

(Насановіч:) “Найбліжэйшым часам мяркуем пачаць збор банку зьвестак пра грубыя парушэньні ў Салігорску. Правядзем анкетаваньне, высьветлім стаўленьне людзей да міліцыі, да ўлады. Я мяркую, мы зьбяром вельмі шмат матэрыялу пра тое, што чыніць улада”.

Пасьля гэтага пачнецца кваліфікаваная юрыдычная экспэртыза, каб ня проста прасіць вэртыкаль аб дапамозе, а патрабаваць законнае. Вось так і наладжваюцца ў глыбінцы дзейсныя палітычныя камунікацыі апазыцыі зь людзьмі, зазначае Пятро Мірашнічэнка са Жлобіна:

(Мірашнічэнка: ) “Палітыка ў тым і заключаецца ў рэгіёне, каб людзі бачылі ў нас да сябе падобных, каб мы не былі белымі варонамі... Каб людзі бачылі: мы працуем, выхоўваем сваіх дзяцей... Каб людзі задумваліся, чаму мы знаходзімся ў апазыцыі. Вось калі яны задумваюцца, гэта й ёсьць палітычнае жыцьцё, палітычная актыўнасьць у рэгіёне”.

Меркаваньне доктара сацыялёгіі Алега Манаева:

(Манаеў: ) “Тры паказьнікі: інфармаванасьць, знаёмства зь людзьмі, якія праводзілі сходы, і гатоўнасьць падтрымаць рашэньні Кангрэсу, – вельмі добра даюць адказ на пытаньне: на якіх паверхах дэмакратычныя сілы дзеюць больш эфэктыўна? Як гэта ні дзіўна, – на ўзроўні раённых гарадоў!”

А падсумоўвае размову Марат Афанасьеў з Гомельшчыны:

(Афанасьеў: ) “Цяпер сытуацыя ў краіне такая, што людзей, якія супрацоўнічаюць з намі, становіцца ўсё больш, Але іх яшчэ не дапякла жыцьцёвая сытуацыя, каб яны сказалі: усё, я іду да канца з вамі. Хаця паасобку яны кажуць: мы з вамі, мы падтрымліваем вас, трымайцеся, а як спатрэбіцца нейкая дапамога, можаце на нас разьлічваць...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG