Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Прэзыдэнцкія дамкі" будуюць на курганах


Ягор Маёрчык, Бялынкавічы, Касьцюковіцкі раён, Магілеўшчына У вёсцы Бялынкавічы, што ў Касьцюковіцкім раёне Магілеўшчыны "прэзыдэнцкія" дамкі для працоўных калектыўнай гаспадаркі будуюць на месцы старажытных курганоў.

Каля трыццаці пахаваньняў часоў нэаліту сёньня ўяўляюць сабой пагоркі двухмэтровай вышыні. Некалькі дзён таму ля аднаго зь іх разварочваўся бульдозэр і сваім каўшом ён зьнёс узвышша.

З нагоды будаўніцтва ў ахоўнай зоне абураюцца толькі тыя жыхары Бялынкавічаў, чые дамы знаходзяцца побач. Прыкладам, настаўніца тутэйшай школы Тамара Мухарэўская зьвярнулася ў Міністэрства аховы прыроды. Праўда, чыноўнікі пакуль не адказалі.

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю старшыню тамтэйшага сельсавету Сяргея Буракова. Вэртыкальнік заявіў, што ён ня бачыць праблемы ў будаўніцтве домікаў побач з курганамі. Спадар Буракоў спаслаўся на неназваных навукоўцаў, якія запэўнілі яго, што гэтыя курганы -- звычайныя земляныя насыпы і ўнутры няма археалягічных каштоўнасьцяў.

Звычайна ля гістарычных помнікаў усталёўваецца шыльда з паведамленьнем, што гэтае месца ахоўваецца дзяржавай. Аналягічны знак, зроблены з каляровых мэталаў, стаяў ля курганоў раней. Супрацоўнікі сельсавету пабаяліся, што яго скрадуць і здадуць на лом. Шыльду прыбралі. Цяпер яна захоўваецца ў будынку вясковай адміністрацыі.

Калі я зьяжджаў зь Бялынкавічаў, курганы выглядалі наступным чынам: з аднаго боку ідзе будоўля, зь другога -- шырыцца сьметнік, а на старажытных пагорках пасьвяцца козы.
XS
SM
MD
LG