Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 кастрычніка за мяжою пройдуць маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі


Любоў Лунёва, Менск Арганізатарам маршаў зьяўляецца моладзевы рух “Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце”. Акцыя адбудзецца напярэдадні гадавіны рэфэрэндуму 17 кастрычніка, пасьля якога былі ўнесеныя папраўкі ў Канстытуцыю, каб зьняць абмежаваньне колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Дакладна вядома, што маршы за дэмакратыю Беларусі адбудуцца ў Польшчы і ў ЗША. 15 кастрычніка мясцовыя лідэры руху “Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце” арганізуюць 12-кілямэтровыя маршы па сквэрах і вуліцах гарадоў. Кожны кілямэтар будзе сымбалізаваць адзін год кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам.

Студэнты разьлічваюць, што кожны, хто жадае ўдзельнічаць у акцыі, зробіць свой унёсак – 15 даляраў. За гэта можна атрымаць майку з сымболікай маршу. Грошы, якія зьбяруць на акцыі, пойдуць на падтрымку дэмакратычнага студэнцкага руху Беларусі.

Арганізатары маршу на сваім афіцыйным сайце зьмясьцілі інфармацыю пра галоўную мэту акцыі – натхніць беларусаў на падваеньне намаганьняў у будаўніцтве дэмакратыі, аб’яднаньне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Лідэры руху спадзяюцца, што марш прыцягне ўвагу мясцовых бізнэсоўцаў, СМІ і няўрадавых арганізацыяў да праблемы дэмакратыі ў Беларусі, і тыя дапамогуць матэрыяльна дэмакратычным сілам.

Пакуль маршы адбудуцца ў двух краінах. Ёсьць інфармацыя, што філіі студэнцкага руху ў Вялікай Брытаніі, Канадзе, Турцыі, Паўдзённа-Афрыканскай Рэспубліцы выказалі гатовасьць удзельнічаць у маршы.

Ці каардынуюць свае дзеяньні лідэры моладзевых арганізацый у Беларусі са студэнцкім рухам у замежжы? Такое пытаньне я задавала некалькім актывістам розных моладзевых апазыцыйных арганізацыяў. Яны мне казалі, што самі толькі даведаліся пра акцыі ў замежжы і раней нічога пра іх ня ведалі. Але ўсе выказаліся, што вельмі ўдзячныя замежным студэнтам. Вось што сказаў на гэты конт прэсавы сакратар моладзевага руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанка:

(Атрошчанка:) “Студэнты - самая актыўная частка грамадзтва, таму менавіта яны арганізуюць акцыі салідарнасьці зь беларусамі ў гэтыя дні. Вядома, гэта сур’ёзная маральная падтрымка для нашых студэнтаў, для нашай моладзі, для ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Гэта вельмі істотна - разумець, асабліва ў цяжкія хвіліны, што ты не адзін, што людзі ў розных краінах сьвету дбаюць пра цябе, пра тваю барацьбу і намагаюцца дапамагчы, чым могуць. Магчыма, гэта дапаможа нашай моладзі, нашым студэнтам перамагчы страх і больш актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці”.

Моладзь у Беларусі 15 кастрычніка ня будзе праводзіць ніякіх акцыяў. Цяпер маладыя людзі распаўсюджваюць інфармацыйныя матэрыялы з заклікам удзельнічаць у акцыі 16 кастрычніка. Людзям прапануюць а 8-ай вечара на 15 хвілінаў выключыць сьвятло ў кватэрах і запаліць на вокнах сьвечкі на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Ня выключана, што 17 кастрычніка, у гадавіну рэфэрэндуму, адбудуцца апазыцыйныя акцыі. Летась некалькі тысячаў чалавек выйшлі на плошчу і наладзілі дэманстрацыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Калёну ўзначалілі Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч. За гэта іх пакаралі абмежаваньнем волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG