Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пэнсіянэры вырашылі аб’яднацца дзеля будучыні Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску пачаў працу аргкамітэт у стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў. Асноўныя накірункі дзейнасьці гэтай арганізацыі, як гаворыцца ў адмысловым звароце да грамадзянаў - у клопаце пра будучыню дзяцей і ўнукаў і будучыню Беларусі. А таксама ў абароне правоў і інтарэсаў калег-пэнсіянэраў.

Сябры ініцыятыўнай групы адзначылі, што ўтвараюць непалітычную арганізацыю. Аднак яны ахвотна падзяліліся сваімі меркаваньнямі наконт таго, што цяпер адбываецца ў грамадзтве. Як ставяцца беларускія “аксакалы” да ідэі абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў, ці яны падтрымаюць яго?

Пэнсіянэр-інжынэр Уладзімер Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) “ Мы ўсяляк будзем падтрымоўваць тых палітыкаў, якія зразумеюць, наколькі важна мець станоўчы імідж у гэтым сацыяльным пласьцеі грамадзтва. Калі нейкі палітык пэўным чынам спрабуе рэалізаваць намеры, выкладзеныя ў нашым звароце, мы, безумоўна, будзем яго падтрымліваць. У тым ліку і адзінага кандыдата, таму што на сёньня ён найбольш адэкватны нашым задачам”.

Пэнсіянэр-дызайнэр Ігар Арлоў сказаў, што з задавальненьнем прыняў бы прапанову працаваць у штабе адзінага кандыдата ад дэмсілаў. Свой досьвед ён гатовы скарыстаць у афармленьні пікетаў у падтрымку адзінага.

(Арлоў: ) “Яны будуць маляўнічыя, выдатныя, будуць кідацца ў вочы, і гэта будзе маленькі ўклад, каб прыцягнуць увагу людзей да адзінага кандыдата… Тут гены спрацоўваюць, бо ня толькі ў Мілінкевіча, але і мае продкі таксама былі паўстанцамі ў Касьцюшкі. Было многа ганеньняў і ад цароў, і ад савецкай улады. Бацька мой таксама ў ГУЛАГ трапіў, але застаўся жывы, прамінуў Курапаты. Пэўна, і ў мяне такі напор ёсьць. Гэта вельмі добра”.

Пэнсіянэрка-бухгалтарка Тацяна Зялко называе добрым працэс аб’яднаньня грамадзкіх сілаў, якія жадаюць пераменаў у краіне.

(Зялко: ) “І калі мы абралі адзінага, то мы проста абавязаны падтрымаць гэтага адзінага кандыдата і данесьці яго пункт погляду да людзей. Я думаю, гэта будзе, напэўна, і наш пункт погляду, напэўна, ён і нашыя інтарэсы мусіць абараняць”.

А як людзі старэйшага пакаленьня ацэньваюць шанцы на перамогу адзінага кандыдата ад дэмсілаў? Меркаваньне пэнсіянэра-настаўніка Леаніда Цялегіна, які неаднаразова браў удзел у выбарчых камісіях, а таксама як назіральнік. Ён зьвяртае ўвагу на фальшаваньні, якія адбываюцца падчас выбараў.

(Цялегін: ) “Калі дэлегаты кангрэсу абралі Аляксандра Мілінкевіча, то па ўсіх парамэтрах ён падыходзіць. Але я раблю вялікі выдах. Пры гэтай выбарчай сыстэме, калі выбарчы кодэкс будзе той самы і будзе кіраваць Цэнтарвыбаркамам Лідзія Ярмошына, то ўсё! Я любой уладзе магу сказаць: зьмяніце склад выбарчых камісій, дайце доступ назіральнікам”.

Неўзабаве пэнсіянэры зьбіраюцца правесьці ўстаноўчы зьезд сваёй арганізацыі. Але ня выключана, як цяпер часта здараецца, улады іх не зарэгіструюць… Аднак сябры ініцыятыўнай групы маюць намер у любым выпадку працягваць пачатую працу. Паводле Тацяны Зялко, трэба самім паклапаціцца пра сябе.

(Зялко: ) “Так, гэта сёньня небясьпечна, але што рабіць? Усё ж жыцьцё не праседзіш пад венікам. Я ўжо больш за 50 гадоў жыву спадзяваньнем, што калі-небудзь буду жыць лепш. Проста няма часу чакаць больш. Мы ня будзем рабіць, ніхто ня будзе рабіць, то само ўсё не прыйдзе”.

Як тлумачыць мэты стваранай арганізацыі і неабходнасьць аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, якая таксама мяркуе ўдзельнічаць у працы гэтай арганізацыі?

(Бандарэнка: ) “Галоўнае, мне здаецца - гэта дапамагаць сталым людзям, таму што самі яны проста ня выжывуць. Яны проста кінутыя дзяржавай, кінутыя ўрадам. І гэты бум, які мы бачым на тэлебачаньні, у афіцыйных мэдыях, што ў нас усё добра, усе шчасьлівыя, усе ў дастатку – гэта ўсё ж няпраўда. На самой справе людзям вельмі цяжка жыць. Многія людзі маўчаць паціхеньку і проста, як кажуць, паціху гінуць”.
XS
SM
MD
LG