Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Вапа: Беларусы Польшчы павярнуліся да Лепэра


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. З найбольш цікавымі публікацыямі вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

У мінулыя выходныя ў Польшчы прайшоў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, 23 кастрычніка адбудзецца другі і гэтым жыве цяпер краіна. Не выключэньне і “Ніва”. “Выбарчыя ўсьмешкі” такі загаловак мае артыкул, прысьвечаны выбарам, які напісаў галоўны рэдактар тыднёвіка Яўген Вапа.

Спадар Вапа піша: “Зусім якасна новая сытуацыя склалася на нашым беларускім панадворку. Плятанічная зачараванасьць беларускага электарату ўсьмешкай і стройнасьцю Уладзімежа Цімашэвіча цягнулася 16 гадоў. Раптоўна зыходзячы з палітычнай сцэны нанёс ён удар па сваіх выбаршчыках, цярпеньні якіх можна параўнаць з пакутамі здраджаных герояў тэлесэрыялаў пра нешчасьлівае каханьне. Асірацелы беларускі выбаршчык у такой сытуацыі свае надзеі і спадзяваньні павярнуў у бок лідэра “Самаабароны” Анджэя Лепэра, чалавека вясковага паходжаньня... Напрыклад, ён аказаўся абсалютным пераможцам у Гайнаўскім павеце, дзе атрымаў 66% галасоў".

Далей спадар Вапа піша, што ў наступным годзе ў выбарах у органы мясцовага самакіраваньня абавязкова возьме ўдзел Беларускі выбарчы камітэт: "Ад нас саміх толькі залежыць, ці мы захочам самастойна выйграваць ці выступаць надалей у якасьці выбарчага мяса", – падсумоўвае галоўны рэдактар "Нівы".

Дарэчы, пра ўдзел беларусаў ў будучых выбарах у мясцовыя органы ўлады піша у артыкуле "Час кансалідацыі" Мацей Халадоўскі, які адзначае, што пры ўмове аб''яднаньня беластоцкіх беларусаў, у іх атрымалася б правесьці ў ваяводзкі сэймік, ці, як у Беларусі, абласны савет 4-5 сваіх прадстаўнікоў.

У сёньняшнім нумары "Ніва" зьмяшчае таксама размову з Іалантай Грыгарук – новым мэтадычным кансультантам навучаньня беларускай мовы ў школах Беласточчыны, дзе колькасьць маладых людзей, што вывучаюць беларускую мову, скарачаецца. Спадарыня Грыгарук, сярод іншага, кажа:

"Ніводзін чалавек, так як дрэва, ня можа жыць без каранёў. У нашай уніфікаванай Эўропе карані гэта самая вялікая вартасьць. Беларускасьць гэта каштоўнасьць, якую мы павінны цаніць і шанаваць".
XS
SM
MD
LG