Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальнай бібліятэцы будзе створаны офіс А.Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск У новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі паводле распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі пачалося ўзьвядзеньне дзьвюх дадатковых заляў для правядзеньня саміту кіраўнікоў краінаў СНД у 2006 годзе. А нядаўна будаўнікі атрымалі новае ўказаньне – абсталяваць у памяшканьнях новабудоўлі Прэзыдэнт-цэнтар.

Будаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі гэтай восеньню разьлічвалі завяршыць мантажныя працы, аднак вышэйшае кіраўніцтва краіны распарадзілася ў двух унутраных дворыках збудаваць дадатковыя залі. У іх у траўні наступнага году мае прайсьці сустрэча на вышэйшым узроўні лідэраў краінаў СНД. Рашэньне пра тое, што наступны саміт кіраўнікоў Садружнасьці пройдзе ў Менску, было ўхваленае на перамовах прэзыдэнтаў краін СНД у Казані. Зараз у дворыках бэтаніруюць падмуркі, а мантажнікі зноў абсталявалі тут краны. Гаворыць адзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва будоўлі:

(Кіраўнік: ) “Думалі, што ўсе работы тут завершаныя, але выявілася, што пры наведваньні аб''екта кіраўніком дзяржавы і прэм''ер-міністрам краіны было ўхваленае рашэньне ў пустуючыя дворыкі, якія тут ёсьць, убудаваць дзьве новыя залі: круглую і авальную – для правядзеньня самітаў кіраўнікоў дзяржаваў. А таксама тут будзе пабудаваны Прэзыдэнт-цэнтар”.

Будаўнікі пакуль не атрымалі праектнай дакумэнтацыі на новыя памяшканьні для прэзыдэнта. Ім паведамілі толькі, што гэта будзе дадатковая ахоўваемая працоўная рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы. Будоўлю нядаўна адмыслова наведвалі прадстаўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта і загадалі пашырыць пад''ездныя дарогі з боку праспэкта Скарыны.

Будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі працягваецца трэці год. Кругласутачна без выходных тут працуюць 2000 будаўнікоў з усёй краіны. Цяпер завяршаецца пакрыцьцё асноўнага будынку адмысловым шклом, ідзе мантаж бібліятэчнага абсталяваньня.

Апошнім часам была падкарэктаваная і канцэпцыя новай Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер яна разглядаецца як буйнейшы сацыякультурны цэнтар, а таксама асяродак высокіх тэхналёгіяў, зазначылі ў кіраўніцтве будоўлі.

(Прадстаўнік кіраўніцтва будоўлі: ) “У гэты будынак укаранёна столькі магутнасьцяў, сацыякультурны цэнтар тут будзе створаны. І можа вы чулі, прэм''ер-міністар праводзіў нараду па хай-тэк тэхналёгіям. Дык усё гэта будзе ўкаранёнае ў сыстэмы бібліятэкі. База дадзеных усіх навейшых тэхналёгіяў, якія будуць прымяняцца, будзе тут. Як казалі, што бібліятэка будзе лякаматывам сыліконавай даліны”.

Завоз кніг у Нацыянальную бібліятэку пачнецца ў сьнежні гэтага году, увод усіх комплексаў заплянаваны на 2006 год. Прыкладны кошт будынку – 300 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG