Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены дырэктар-апазыцыянэр судзіцца з раённым аддзелам адукацыі


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Леанід Гаравой – дырэктар школы з 18-гадовым стажам і сябар Цэнтральнага камітэту БСДП “Грамада” – патрабуе ад гарадоцкага раённага аддзела адукацыі аднаўленьня на працы і грашовай кампэнсацыі.

Былы дырэктар Вархоўскай базавай школы Леанід Гаравой, зь якім аддзел адукацыі напярэдадні гэтага навучальнага году адмовіўся працягнуць кантракт, лічыць, што яго звольнілі незаконна. Ён зьвярнуўся ў раённы суд з тым, каб давесьці, што былі парушаныя ягоныя правы: паводле закону аб статусе дэпутата мясцовага савета, адміністрацыя мусіла атрымаць дазвол ад Гарадоцкага райсавету на тое, каб звольніць дэпутата Гаравога.

Між тым, на мінулай сэсіі райсавету гэтае пытаньне не абмяркоўвалася. І пра тое, што такі дазвол атрыманы, але толькі ад прэзыдыюму райсавету, судзьдзя Аляксандар Ляшковіч даведаўся са словаў юрыста райвыканкаму Ірыны Дзям''яненкі, якая прадстаўляла на судзе інтарэсы аддзела адукацыі.

Пад кіраўніцтвам дырэктара Леаніда Гаравога Вархоўская базавая школа зрабілася адной з найлепшых у раёне, пры што перадусім гавораць прызавыя месцы вучняў на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню.

Аднак апанэнтка спадарыня Дзям''яненка прадставіла суду каля дзясятка дакумэнтаў, якія мусілі б засьведчыць няякасную працу дырэктара – ад вымоваў двухгадовае даўніны да мэдычнае даведкі пра тое, што ў некаторых вучняў Вархоўскай школы летась зафіксавана павялічэньне шчытападобнай залозы ды іншыя хваробы.

Прадстаўніца гарвыканкаму гаварыла на судзе, што звальненьне спадара Гаравога выклікана выключна ягонай непрафэсійнасьцю, хаця сам ён мае іншае меркаваньне.

(Гаравой: ) “Мая школа мае станоўчую дынаміку працы. Усе тыя загады, што тут былі паказаныя, ёсьць штучнымі. А звольнілі мяне за маю прынцыповую пазыцыю, за тое, што адстойваў свае правы ў судох.”

Дагэтуль у раённы суд Леанід Гаравой зьвяртаўся, каб аспрэчыць неабгрунтаваныя, на ягоную думку, працоўныя заўвагі, і нават спробу абвінаваціць яго ў дробным хуліганстве – у бойцы з загадчыкам аддзелу адукацыі. Цяпер з дапамогаю суду ён хоча аднавіцца на працы, атрымаць сярэдні заробак за час вымушанага беспрацоўя, а таксама матэрыяльную кампэнсацыю маральных стратаў у памеры 2 мільёнаў рублёў.

На думку аднаго зь ягоных грамадзкіх прадстаўнікоў у судзе, сябра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімера Адынца, шанцаў выйграць гэты працэс даволі мала.

(Адынец: ) “Тут цяжка казаць пра нейкія добрыя пэрспэктывы, бо звальненьне, на маю думку, мае відавочныя палітычныя падставы”.

Судовы працэс, ініцыяваны спадаром Гаравым, працягнецца ў Гарадоцкім раённым судзе заўтра.
XS
SM
MD
LG