Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры Беларусі ствараюць грамадзкае аб''яднаньне


Валер Каліноўскі, Менск Грамадзкасьць Менску, Берасьцейскай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцей стварыла аргкамітэт ў справе падрыхтоўкі ўстаноўчага зьезду Грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў. У склад камітэту ўвайшлі пісьменьнік Васіль Якавенка, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, журналістка Ада Чалей. Аргкамітэт распаўсюдзіў зварот да суайчыньнікаў, у якім акрэсьліў напрамкі будучай дзейнасьці грамадзкай арганізацыі пэнсіянэраў: клопат пра будучыню дзяцей і ўнукаў, будучыню Беларусі, абарона правоў і інтарэсаў пэнсіянэраў. На прэзэнтацыя новай ініцыятывы пабываў наш карэспандэнт.

Аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў мяркуе правесьці ўстаноўчы зьезд сваёй арганізацыі ў канцы лістапада, тады ж будзе канчаткова вызначаная яе назва.

Арганізатары кажуць, што хацелі б запрасіць ганаровымі старшынямі свайго аб’яднаньня паэта Ніла Гілевіча і былога кіраўніка калгасу “Расьсьвет” Васіля Старавойтава.

Паводле аднаго з ініцыятараў аб’яднаньня пэнсіянэраў Уладзімера Раманоўскага, інтарэсы беларускіх пэнсіянэраў цяпер ніяк не прадстаўленыя, іх голас грамадзтва фактычна ня чуе, іхным досьведам напоўніцу не карыстаецца. Вялікія сацыяльныя праблемы звычайных пэнсіянэраў: нізкія пэнсіі, высокія цэны, пазбаўленасьць ільгот у параўнаньні з пэнсіянэрамі сілавых структур. Гаворыць сябра аргкамітэту Уладзімер Страх:

(Страх: ) “Зараз асноўная частка пэнсіянэраў – дачнікі. На пэнсію ж не пражывеш. І які б ні быў закон ці ўказ – ўсё супраць іх. Яны ўнёскі плацяць, утрымліваць вартаўнікоў, а зараз трэба плаціць дадаткова падаткі. Чыноўнікі не адмовяцца пацягнуць з гэтага чалавека, гэтага пэнсіянэра”.

У распаўсюджаным на прэзэнтацыі звароце адлюстраваныя і палітычныя патрабаваньні. Пэнсіянэры заяўляюць, што супраць расколу грамадзтва, прапаганды нецярпімасьці да іншадумства, пошуку ворагаў улады. Яны таксама выступаюць супраць штучнай ізаляцыі Беларусі, абмежаваньня эканамічных свабод і правоў грамадзян.

Ініцыятары аб’яднаньня пэнсіянэраў кажуць, што ня хочуць стварыць нейкую апазыцыйную ці палітызаваную структуру, але пакідаюць за сабой права актыўна крытыкаваць дзейную ўладу, усталяваныя ёю парадкі. Гаворыць Уладзімер Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) “Пры вядомай долі фантазіі можна сказаць, што ідзе спроба аднаўленьня прыгоннага ладу. Нам вызначылі, чым мы павінны харчавацца – чаркай і скваркай. Нам вызначаюць, куды маюць права езьдзіць і куды не маюць права езьдзіць нашы ўнукі. Нарэшце, нам дыктуюць, як мы павінны думаць – праз сыстэму дзяржаўнай ідэалёгіі”.

Разам з тым ініцыятары стварэньня пэнсіянэрскай арганізацыі разьлічваюць на дапамогу дзяржаўных органаў для правядзеньня зьезду і рэгістрацыі новага аб’яднаньня ды на саюзьніцкія адносіны з вэтэранскімі арганізацыямі.
XS
SM
MD
LG