Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто і ад чыйго імя падпісаўся ў падтрымку Анжалікі Борыс?


Альгерд Невяроўскі, Менск Грамадзкія дзеячы Мікола Калінін і Андрэй Петравых падалі сёньня скаргі ў Рэспубліканскую пракуратуру. Яны дамагаюцца адмены афіцыйнага папярэджаньня, якое вынесла ім пракуратура Менску за іх зварот ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў падтрымку старшыні непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжалікі Борыс.

У вынесеным 11 кастрычніка афіцыйным папярэджаньні пракуратуры сьцьвярджаецца, што Мікола Калінін нібыта дзейнічаў ад імя грамадзкай арганізацыі “Беларуская цыганская дыяспара”, браў ўдзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі міжнацыянальнай і міжканфэсійнай ініцыятывы “Згода”, што адбылася ў Менску 6 жніўня, ды падпісаў палітычны зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

На думку пракуратуры, спадар Калінін ня меў ад грамадзкай арганізацыі “Беларуская цыганская дыяспара” ніякіх паўнамоцтваў і падпісаў ліст у абарону Анжалікі Борыс ад імя незарэгістраванай ініцыятывы “Згода”, што ёсьць парушэньнем закону.

Андрэй Петравых быў абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У пракурорскім папярэджаньні гаворыцца, што калі спадары Калінін і Петравых ня спыняць сваёй дзейнасьці, то будуць прыцягнутыя да больш жорсткай адказнасьці.

(Калінін: ) “Мы вырашылі абскардзіць афіцыйнае папярэджаньне пракуратуры горада Менску. Мы ня згодныя з асобнымі фармулёўкамі. Паступіла скарга ад старшыні ўправы грамадзкай арганізацыі “Беларуская цыганская дыяспара”, у якой яе лідэр Алег Казлоўскі просіць прыняць у адносінах да мяне меры ўзьдзеяньня. Нібыта я выступаю ад імя рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская цыганская дыяспара”. Насамрэч, гэта ня так. Ніколі ў жыцьці ад гэтага грамадзкага аб’яднаньня я не выступаў”.

Спадары Калінін і Петравых сказалі, што падпісалі зварот у абарону Анжалікі Борыс як прыватныя асобы, а ідэнтыфікаваць сябе з цыганскім народам, ці з пэўнай царквой ім ніхто забараніць ня можа.

Андрэй Петравых так вызначыў прычыну іхнага перасьледу ўладамі:

(Петравых: ) “Я лічу, што любая непадкантрольная ініцыятыва, любыя новыя людзі, што цяпер выходзяць з новымі прапановамі, а асабліва людзі, якія афіцыйна няхай і не прадстаўляюць дыяспары ці канфэсіі, але яны з гэтых канфэсіяў ці дыяспараў – такія людзі небясьпечныя. Нават калі гэта проста прыватныя асобы, якія сабраліся абмеркаваць свае пытаньні. Яны небясьпечныя для ўлады, бо паказваюць, што ў нас ня ўсё так добра й гладка”.

Апошнім часам у шэрагу СМІ выступіў Аляксандар Зялко, які прадстаўляецца як выканаўчы сакратар міжканфэсійнай і міжнацыянальнай ініцыятывы “Згода”.

Мікола Калінін і Андрэй Петравых афіцыйна заявілі, што ніхто гэтага чалавека на такую пасаду не абіраў. Сам жа Аляксандар Зялко сказаў беларускай "Свабодзе", што выканаўчым сакратаром “Згоды” яго абралі менавіта на ўстаноўчай канфэрэнцыі гэтай ініцыятывы.
XS
SM
MD
LG