Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць пра Нобэлеўскага ляўрэата Гаралда Пінтэра ў Беларусі?


Ганна Соусь, Менск Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры сёлета атрымаў брытанскі драматург Гаралд Пінтэр. Ягонае імя нават дало назву літаратурнаму вызначэньню “Пінтэрызм”, які адлюстроўвае спэцыфічны пісьменьніцкі стыль драматурга. Гаралд Пінтэр раней быў уганараваны Шэксьпіраўскай прэміяй, Эўрапейскай прэміяй у галіне літаратуры, прэміяй Пірандэла. Пра сёлетняга Нобэлеўскага ляўрэата ў галіне літаратуры гавораць беларускія літаратары, драматургі і тэатразнаўцы.

Экс-старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру перакладчык Лявон Баршчэўскі вітае сёлетні выбар Нобэлеўскага камітэту.

(Баршчэўскі: ) “Звычайна, калі выбіраюць Нобэля, то даюць ацэнкі дыямэтральныя. Ці гэта трапны выбар, ці гэта наадварот малавядомы ці ў вузкіх колах вядомы літаратар, якому даюць па нейкіх палітычных матывах. Хаця, відаць, тут таксама адыгралі сваю ролю палітычныя матывы – антыірацкая, антываенная пазыцыя Пінтэра.

Але, насамрэч, гэта адзін з самых вядомых на сёньня драматургаў у сьвеце, адзін з заснавальнікаў тэатру абсурду. І паколькі Самюэль Бэкет меў такую прэмію, то чаму б не атрымаць празь нейкі час Гаралду Пінтэру? Таму лічу, што імя гэта дастаткова знакамітае і ў шэрагу іншых знакамітых літаратараў, якія жывуць цяпер. Пінтэр, прынамсі, гэта не правал, гэта нармальны выбар”.

Беларускі драматург Аляксей Дудараў вельмі рады за свайго калегу.

(Дудараў: ) “Драматургія – гэта самы складаны жанр, і драматургаў ня так багата. А драматургаў такога кшталту як сёлетні Нобэлеўскі ляўрэат яшчэ менш. Я яго віншую і яшчэ раз выказваю захапленьне Нобэлеўскім камітэтам, які адзначыў драматургію і нашчадка Шэксьпіра”.

А вось меркаваньне тэатразнаўца, кандыдата мастацтвазнаўства Вячаслава Ракіцкага:

(Ракіцкі: ) “Гэтым разам прэмію, сапраўды, атрымаў драматург найвялікшага маштабу. Гэта, бадай, самая яркая асоба ў эўрапейскай драматургіі другой паловы дваццатага стагодзьдзя. Гэта чалавек, які адкрыў прынцыпова новыя шляхі ў драматургіі, якая ўражвае фантастычнай формай, глыбінёй, шырынёй мысьленьня і надзвычай сцэнічная. Можна пісаць п’есы, і іх ніколі ня будзе ставіць тэатар, яны, як бы застаюцца літаратурай, п’есамі для чытаньня”.

П’есы Гаралда Пінтэра надзвычай тэатральныя, яны далі штуршок для разьвіцьця эўрапейскага тэатра, лічыць тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі.

***

Гаралд Пінтэр нарадзіўся 10 кастрычніка 1930 году ў Лёндане ў сям’і габрэйскага краўца. Ён вучыўся ў Каралеўскай акадэміі драматычнага мастацтва. У пачатку 1950-х гадоў пачаў друкаваць вершы, а ў 1957 годзе была пастаўленая яго першая п’еса “Пакой”. Потым ён засяродзіўся на тэатральнай драматургіі, быў рэжысэрам, пісаў сцэнары для кіно і тэлебачаньня, сам шмат граў у тэатры.

Пінтэр шырока вядомы ня толькі як аўтар такіх вядомых п’есаў, як “Пакой”, “Нямы афіцыянт”, “Дзень нараджэньня”, “Вартаўнік”, але і як праваабаронца і публічны праціўнік амэрыканскіх ваенных кампаній ў Аўганістане і Іраку, дзеяньняў НАТО ў Югаславіі.
XS
SM
MD
LG