Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывала, што й варона кувала, а цяпер і зязюля ня каркае


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Слухаю бацьку з маці. Ня бачыліся ледзь ня год: бацька з хваробы прытуліўся ў мяне, а гаспадыня ўпарта сядзіць у “сваім кутку”. Гамоняць: хто на што ў мястэчку захварэў, а хто памёр, хто й з гарэлкі згінуў. Усё часьцей пракідаецца скрутнае: “А бывала... Ці помніш? Ня тое, што сёньня...” Ды маці зазлавала раптам: “Бывала... Кінь ты! Бывала, што й варона кувала, а цяпер і зязюля ня каркае”.

Ярка! Хіба ў раі варона закуваць здатна. І ўжо ў бядоцьці зусім зязюля нават каркнуць ня сьмее. Карціна з натуры – нямота, русіфікацыя. І нявольнік рад хоць бы й чужынскае “кар” выдыхнуць, як зязюля бяздомная. З правечнага правіла: лепей варона злоўленая, чым сокал пад небам.

Вось гэтак, дальбог, людзтва паціху прыняло трасянку, затым – камандзіра-Саньку, а потым – чарку да скваркі, абы бяз сваркі. І гэтак яна падзіўляе нас, цяперашняя жытка. Падаецца, і праўда: усяляк бывае – жук рыкае, а карова лятае. Дзе там разьбярэсься! Хіба засланіцца па старой звычцы, схавацца за чые дужыя плечы?.. Кажуць жа: хоць мужык, як варона, ды ўсё жонцы абарона. А ў нас – адзін ваяр на ўвесь абшар. І паўсюль – ворагі. Трымайма, браткі, абарону! А што колісь іначай бывала... Дык жа бывала й варона кувала, а цяпер і зязюля ня каркае.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG