Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Зьяўленьне Нобэлеўскіх ляўрэатаў, пра якіх мы нічога ня ведаем, гэта ня дзіва”


Сяргей Навумчык, Прага Ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры стаў брытанскі драматург Гаральд Пінтэр. Ён нарадзіўся 10 кастрычніка 1930 году ў Лёндане ў сям’і габрэйскага шаўца. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі драматычнага мастацтва, быў акторам. У 1957 годзе ў Брыстолі п''еса Пінтэра “Пакой” атрымала сцэнічнае ўвасабленьне, празь некалькі гадоў ягоныя творы ішлі шмат у якіх брытанскіх тэатрах. Цяпер п''есы Пінтэра ідуць у шмат якіх тэатрах сьвету.

Як толькі стужкі інфармацыйных агенцыяў прынесьці навіну з прозьвішчам новага ляўрэата, я патэлефанаваў у Менск літаратурнаму крытыку Ганьне Кісьліцынай. Днямі яна вярнулася з Швэцыі, дзе разам з Алесем Разанавым брала ўдзел у кніжным кірмашы ў Гётэборгу. Вось фрагмэнт нашай размовы:

(Навумчык: ) "Скажыце, ці гаворыць Вам што-небудзь такое імя - Гаральд Пінтэр?"

(Кісьліцына: ) "Не, нічога. Абсалютна нічога".

(Навумчык: ) "Ён сёньня атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, гэта брытанскі драматург. І Вы ня ведаеце такое імя?"

(Кісьліцына: ) "Не, ня ведаю, на жаль".

Зрэшты, Ганна Кісьліцына ня бачыць нічога незвычайнага ў тым, што імя новага нобэліянта невядомае нават ёй, літаратурнаму крытыку.

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што цяпер столькі літаратуры зьяўляецца, што зьяўленьня нейкіх новых імёнаў, пра якія мы нічога ня ведаем -- гэта ня дзіва. Кожная краіна мае па пяцьсот, па тысячы літаратараў, і ясна, што лепшы сярод іх можа быць не вядомы ў якой-небудзь Беларусі. Таму я лічу абсалютна нармальным, што мы ня ведаем іх літаратуры, у той час, як яны ня ведаюць нашую літаратуру. Тым больш, што ў драматургаў такі лёс – тэатр сфэра вельмі спэцыфічная, вузкая. І драматурга трэба бачыць на сцэне, а не чытаць нейкія творы, перакладзеныя праз пяць-дзесяць гадоў".

Тым ня менш, апошнім часам назіральнікі усё часьцей гавораць, што калі ў мінулыя дзесяцігодзьдзі Нобэлеўскай прэміяй адзначаліся аўтары, якія ўжо мелі шырокую ўсясьветную вядомасьць (дастаткова прыгадаць Хэмінгуэя, Сартра, Шолахава, Стэйнбэка ці Чэрчыля) – дык цяпер менавіта прысуджэньне прэміі робіць літаратара ўсясьветна вядомым. У той час, як некаторыя прызнаныя пісьменьнікі – напрыклад, Сэлінджэр, Апдайк, Курт Ванэгут, Умбэрта Эка – застаюцца не адзначанымі Нобэлеўскім камітэтам.

Дарэчы, ў Беларусі чытачы часопісу "ARCHE" могуць прыгадаць імя новага ляўрэата – нядаўна там была надрукаваная наступная ягоная заява: “... Амэрыканскі ўрад цяпер – гэта крыважэрная дзікая жывёла. Бомбы – вось адзіная яе мова. Шмат амэрыканцаў, мы ведаем, шакаваныя пазыцыяй свайго ўраду, але яны нічога ня могуць зрабіць. Калі Эўропе ня хопіць салідарнасьці, інтэлекту, мужнасьці і жаданьня, каб кінуць выклік і супраціўляцца амэрыканскай моцы, сама Эўропа будзе заслугоўваць на словы Аляксандра Герцэна: “Мы ня лекары. Мы хвароба” – канец цытаты. Пінтэр рэзка асуджаў бамбаваньне Югаславіі, вайсковыя апэрацыі ў Аўганістане і Іраку. Яшчэ раней ён рэзка крытыкаваў Маргарэт Тэтчэр (якой сёньня спаўняецца 80 гадоў) і Роналда Рэйгана (які прызнаны адным з самых выдатных прэзыдэнтаў у гісторыі Амэрыкі).

Сёлета Нобэлеўскі камітэт абвясьціў ляўрэата на тыдзень пазьней, чым звычайна. Прычым падзея суправаджалася скандалам: днямі з Нобэлеўскага камітэту швэдскай акадэміі выйшаў літаратуразнаўца Кнут Анлунд, заявіўшы пратэст з прычыны прысуджэньня год таму Нобэлеўскай прэміі аўстрыйскай пісьменьніцы Эльфірыдзе Елінэк. Некаторыя тэксты Елінэк маюць адкрыта эпатажны характар – як паводле сюжэту, гэтак і лексыкі. Анлунд лічыць, што гэта “нанесла непапраўную шкоду ўсім прагрэсіўным сілам і пашкодзіла ўяўленьню пра літаратуру як від мастацтва”.
XS
SM
MD
LG