Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чые грошы існуе Саюз палякаў?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адбылося паседжаньне Галоўнай управы афіцыйна прызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Наш карэспандэнт сустрэўся са старшынём Саюзу Юзафам Лучнікам, а таксама з прадстаўнікамі СПБ на чале з Анжалікай Борыс, якую беларускія ўлады не прызнаюць, каб даведацца пра пляны і дзейнасьць арганізацыі.

Юзаф Лучнік сказаў Радыё Свабода, што яму трэба зрабіць справаздачу сябрам Галоўнай управы аб зробленай за паўтара месяцы працы і абмеркаваць парадак дня для Галоўнай рады, якая зьбярэцца 22 кастрычніка. Спадар Лучнік паведаміў, што ён з калегамі наведаў 13 раёнаў Гарадзеншчыны, а таксама Менск і Баранавічы. Яны размаўлялі з кіраўнікамі мясцовых аддзелаў СПБ, а таксама з кіраўнікамі выканкамаў. Учора яны былі ў Астраўцы, Смаргоні і Ашмянах. У дзьвюх месцах улады дапамаглі з памяшканьнем для суполак Саюзу. Вось што гаворыць спадар Лучнік адносна фінансаваньня цяперашняй дзейнасьці СПБ:

(Лучнік: ) “На дадзены момант мы жывем за кошт спонсарскай дапамогі. У нас існавала раней гандлёва-прамысловая палата. Да мяне ўжо зьвярталіся фэрмэры, якія хочуць аднавіць работу гэтай палаты і абяцаюць спонсарскую дапамогу”.

Юзаф Лучнік зазначае, што асноўныя выдаткі сёньня ідуць на паліва, паколькі ім даводзіцца шмат езьдзіць. У Саюзе палякаў спадзяюцца, што налета ўлады прымуць закон аб дапамозе арганізацыям нацыянальных меншасьцяў і будуць выдзяляць ім грошы на культурна-асьветную дзейнасьць.

На наступны год складзены плян работы Саюзу палякаў: там пазначана агульная сума — 61 мільён рублёў. Кіраўніцтва саюзу паведаміла Радыё Свабода, што ў Саюзе рэальна значна менш людзей, чымсьці было запісана на паперы, і што рэальна можна пакуль гаварыць не пра 20-25 тысяч сябраў, а толькі пра 10 тысяч.

Кантактаў з польскімі ўладамі і з дыпляматычнымі пляцоўкамі ў Саюзу палякаў няма. Праўда, Юзаф Лучнік зазначае, што афіцыйна не атрымліваў з Польшчы паведамленьня, што цяперашні Саюз палякаў тамтэйшыя ўлады не прызнаюць.

(Лучнік: ) “18 верасьня мы накіравалі ліст прэзыдэнту Польшчы пану Квасьнеўскаму, дзе выклалі нашыя мэты і задачы. Мы запрашалі польскага консула ў Горадні на мерапрыемства, якое было ў Бальценіках у Воранаўскім раёне “Пакахай польскую мову”. У іншых кантактах не было патрэбы”.

Польскі дыплямат не прыехаў на гэтае мерапрыемства, але можа ў яго проста не было часу, сказаў Юзаф Лучнік. Спадар Лучнік зазначае, што адносіны паміж ім і прыхільнікамі Анжалікі Борыс неблагія. Некаторыя зь іх па сваіх справах ужо прыходзілі ў Саюз і нават размаўлялі зь ім. Самі паплечнікі спадарыні Борыс ня хочуць гаварыць аб сваёй рабоце. Вось што сказаў журналіст Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) “Умовы дзейнасьці Саюзу палякаў пасьля тых рэпрэсіяў, якія абрынуліся на нашую арганізацыю, абсалютна зьмяніліся. Таму мы на сёньняшні дзень асабліва не афішуем тыя мерапрыемствы, якія ладзім. Паведамляем пра іх ужо пасьля таго, як яны адбыліся. Так, была паездка вялікай колькасьці актывістаў ва Ўроцлаў па запрашэньні кіраўніцтва гэтага гораду”.

Андрэй Пачобут гаворыць, што існуе плян мерапрыемстваў Саюзу палякаў, зацьверджаны раней Галоўнай радай, выкананьнем якога яны і займаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG