Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму прайграюць беларускія футбалісты?


Ігар Карней, Менск На пасьляматчавай канфэрэнцыі па выніках гульні з камандай Нарвэгіі галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны назваў вінаватых у паразах каманды падчас групавого турніру да чэмпіянату сьвету-2006. Паводле Байдачнага, адна з прычынаў — міжнародныя арбітры, якія несправядліва паставіліся да беларусаў, як мінімум, у шасьці сустрэчах зь дзесяці (уключна і ўчорашні матч). Футбольны трэнэр патлумачыў гэта тым, што Беларусь “ня мае патрэбнай вагі на міжнароднай арэне”, і таму зь ёй так абыходзяцца.

Трэнэр Уладзімер Карсакоўскі ўчора дапамагаў камэнтатару Ўладзімеру Навіцкаму весьці тэлерэпартаж матчу Беларусь—Нарвэгія. Рэзкія заявы галоўнага трэнэра Анатоля Байдачнага, які пасьля матчу раскрытыкаваў дзеяньні арбітраў, агулам абвінаваціўшы судзьдзяў у палове паразаў беларусаў, спадар Карсакоўскі ўспрымае стрымана: маўляў, з такім жа посьпехам можна згадаць шэраг момантаў, калі рашэньні судзьдзяў былі на карысьць беларусаў. У сваю чаргу, запытваю ў футбольнага спэцыяліста: як ён ацэньвае ўсё больш частыя прапановы запрасіць замежнага трэнэра для працы з нацыянальнай камандай?

(Карсакоўскі: ) “Пытаньне складанае. У першую чаргу гульню вырашаюць галоўныя выканаўцы на футбольным полі — самі гульцы. Трэнэр зборнай сустракаецца зь імі максымум на тыднёвых зборах, калі ідуць дзьве гульні запар. Увесь астатні час спартоўцы знаходзяцца ў сваіх клюбах. У гэтым сэнсе асноўная мэта трэнэра — падвесьці гульцоў функцыянальна да матчу, і адзін з найважнейшых момантаў — забясьпечыць псыхалягічны стан футбалістаў і каманды. Таму не першачарговая задача — запрасіць кагосьці зь імем, пасьля чаго выступ каманды быццам палепшыцца. Так, пэўна, проста не бывае”.

Апошні матч групавога турніру, прайграны камандай Байдачнага нарвэжцам зь лікам 0:1, хоць і ня меў прынцыповага значэньня, тым ня менш, выклікаў шмат адмоўных эмоцыяў. Пасьля буйной паразы ў папярэдняй хатняй сустрэчы ад італьянцаў (1:4), усе чакалі, прынамсі, рэабілітацыі. Гаворыць адзін з самых вядомых колісь беларускіх брамнікаў Юры Курбыка:

(Курбыка: ) “Што па гульні сказаць, увогуле ня ведаю. Гульня амаль таварыская, складу поўнага не было. Таму аб’ектыўна штосьці складана казаць па гэтай сустрэчы”.

(Карэспандэнт: ) “Анатоль Байдачны лічыць, што ў паразах беларусаў вінаватыя пераважна судзьдзі…”

(Курбыка: ) “Не хачу нават гэта камэнтаваць... У нас і ва ўнутраным чэмпіянаце, і ва ўсіх астатніх гульнях заўсёды судзьдзі вінаватыя”.

Учора Анатоль Байдачны сказаў, што яму ў любым выпадку ня сорамна за гульцоў нацыянальнай зборнай. А ў адзін шэраг з арбітрамі, якія заміналі выніковай гульні, паставіў журналістаў, якія занадта шмат крытыкавалі і яго асабіста, і каманду. Тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла лічыць: крытыка, якая мусіць быць пэўным раздражняльнікам, усё адно не даходзіць да адрасата.

(Пуціла: ) “Ну, як ён іх яшчэ навучыць? Дзяўбі ім як заўгодна, але эфэкт — як ад сьцяны, усё роўна будуць па-свойму рабіць. Такое ў іх успрыняцьце. Што зробіш? Ім гаворыш адно, а яны ўсё роўна робяць інакш. Няма клясы, няма мазгоў, няма думкі”.

Футбольныя спэцыялісты прычыны няўдалай гульні беларусаў бачаць, у тым ліку, і ў псыхалёгіі гульцоў. Пра гэта гаворыць Леанід Гарай:

(Гарай: ) “Аналізаваць гэта трэба не адным днём, тут цэлая эпоха... Калі нам нейкія сумы вызначылі за перамогу, глядзіш: адзін скіс, другі — “Што, за гэтыя грошы я гуляць буду?” Але ж ты за нацыянальную зборную выкліканы! Ня хочаш — дык не прыяжджай. Так і скажы, але сумленна: я не хачу гуляць за зборную. Мы цябе і выклікаць ня будзем”.

У сярэдзіне лістапада адбудзецца паседжаньне выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу, на якім будуць падсумаваныя вынікі чарговых міжнародных няўдачаў нацыянальнай каманды. На пачатку наступнага году адбудзецца справаздачная канфэрэнцыя фэдэрацыі, якую, хутчэй за ўсё, наведае Аляксандар Лукашэнка. Яшчэ ў часе нарады з кіраўнікамі спартовых фэдэрацыяў Лукашэнка папярэдзіў: пасьля таго, як сваёй шэрай гульнёй футбалісты ўсяму беларускаму народу плюнулі ў твар, кожны за гэта адкажа пэрсанальна.
XS
SM
MD
LG