Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская прэса за 13 кастрычніка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Заря Запада”, 1925 год. Парадзіха піша:

“У радзільным аддзяленьні бальніцы імя Калініна заўсёды ажыўлена. Парадзіхі крычаць, дзеці плачуць, маткі стогнуць. Удзень і ўночы прымаюць усё новых жанчын, якія маюць жаданьне вызваліцца ад пэўнага цяжару і ашчасьлівіць Рэспубліку павелічэньнем колькасьці грамадзян… Дрэнна адно тое, што крыкі парадзіх не даюць ноччу спаць, бо радзільня знаходзіцца побач з пакоямі хворых, якія ўжо нарадзілі. Таксама ложак не перасьцілаюць 3—4 дні, і самі хворыя мусяць злазіць і сьцяліць ложак. Бялізну пасьцельную мяняюць штодня”.

“Беларуская крыніца”, 1935 год. Камунікат Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі:

“Беларускія працоўныя гушчы Зах.Беларусі, дэзорыентаваныя агітацыяй КПЗБ, трацілі веру ў свае сілы, у сілу свайго творчага духа, аслабляліся ў барацьбе за свае нацыянальныя і соцыяльныя правы… КПЗБ узрывала беларускія культурныя ўстановы і арганізацыі. У выніку работы КПЗБ, апроч вышэйапісанай шкоды, Беларускі народ у Зах.Беларусі шмат пасьвяціў ахвяраў у людзях — многія беларусы, якіх КПЗБ уцягнула ў работу дзеля пашырэньня бальшавізму, пакараны доўгімі гадамі вастрогу і іншымі карамі. Прыпамінаем аб шкоднасьці КПЗБ для беларускага народу дзеля таго, што й гэта мамэнт зьяўляецца перашкодным да супрацоўніцтва БХД і КПЗБ”.

“Свободные новости”, 1995 год:

“Зноў не пашанцавала папулярнаму актору тэатру і кіно Ўладзімеру Гасьцюхіну. Як мы даведаліся з пэўных крыніц у Міністэрстве культуры і друку, Аляксандар Лукашэнка не падпісаў указу аб прысваеньні Гасьцюхіну званьня народнага артыста. Дарэчы, гэта другая спроба ўвянчаць актора ляўрамі гонару. Першая правалілася некалькі гадоў таму, калі падобны ўказ заблякавала парлямэнцкая камісія, якую ўзначальваў Ніл Гілевіч. Такім чынам, стаўка на ўдзел у надзвычай адыёзных “Дзецях хлусьні” яўна сябе не апраўдала. Адпрацаваў Гасьцюхін для ўлады першаклясна, а атрымаў — дзірку ад бубліка”.
XS
SM
MD
LG