Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнт на прэм''ера Польшчы крытыкуе рашэньне аб вяртаньні пасла ў Менск


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Казімеж Марцінкевіч - кандыдат на пасаду прэм''ер-міністра Польшчы ад партыі «Закон і справядлівасьць», якая выйграла сёлетнія парлямэнцкія выбары, скрытыкаваў рашэньне польскага МЗС аб вяртаньні ў Менск амбасадара Польшчы ў Беларусі Тадэвуша Паўляка.

“Рашэньне аб вяртаньні амбасадара Польшчы ў Менск гэта выразны сігнал для Аляксандра Лукашэнкі аб тым, шо ён можа рабіць бяспраўныя захады без аніякіх наступстваў”, - напісаў Казімеж Марцінкевіч у адмысловай заяве.

Тадэвуш Паўляк быў адкліканы на кансультацыі ў Варшаву напрыканцы ліпеня, калі разгарэўся канфлікт вакол Саюзу палякаў Белаусі. Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў тады, што Паўляк ня вернецца ў Менск да часу, калі ў Беларусі ня зьменіцца сытуацыя і ня спыняцца рэпрэсіі супраць СПБ.

“Мы ня бачым ніякіх істотных зьменаў як у справе павагі правоў чалавека ў Беларусі, так і ў стаўленьні да палякаў, якія жывуць у гэтай краіне”, - напісаў кандыдат на пасаду прэм’ера. Паводле спадара Марцінкевіча, цяперашні ўрад працуе апошнія дні і яму ня варта было б прымаць такія рашэньні, якія ускладняць працу наступнага ўраду і прэм’ера.

“Трэба падкрэсьліць, што Польшча зацікаўленая ў паляпшэньні дачыненьняў зь Беларусьсю, але гэта ня можа адбывацца ў аднабаковым парадку”, - гаворыцца ў заяве кандыдата на пасаду прэм’ер-міністар Польшчы Казімежа Марцінкевіча.

Раней на пытаньне, што зьмянілася ў польска-беларускіх дачыненьнях, што Варшавва вырашыла вярнуць свайго амбасадара ў Менск, прэсавы сакратар МЗС Польшчы Аляксандар Хэцька заявіў, што “беларуская апазыцыя змагла абраць уласнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта”, а акрамя гэта “зьмянілася міжнародная сытуацыя” і Польшчы ўдалося дамагчыся прагрэсу ў параўнаньні “з папярэдняй сытуацыяй”.

Між тым рашэньне польскага МЗС скрытыкаваў і Марэк Буцька былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі, а цяпер супрацоўнік варшаўскай мэрыі. Ён заявіў нашаму радыё.

(Буцька: ) “Я ня бачу ніякіх падставаў, каб амбасадар вяртаўся ў Беларусь. Тое, што гаворыць наш МЗС – няпраўда. У Беларусі сытуацыя з правамі чалавека і стаўленьнем да польскай меншасьці не палепшылася – апазыцыянэры сядзяць у турмах, актывістам СПБ не дазваляюць выяжджаць зь Беларусі, выклікаюць у пракуратуру”

Паводле спадара Буцькі, новы польскі ўрад напэўна здольны да больш жорсткай палітыкі ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам.

(Буцька:) “Трэба перадусім вызначыць, які інтарэс мае Польшча ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Дагэтуль польскі бок акрэсьліваў беларускі рэжым як “мяккую дыктатуру”, якая можа паступова эвалюцыянаваць у кірунку дэмакратыі і - гэта глупства. Беларусь на сёньняшні дзень адпавядае ўсім крытэрыям фашыстоўскай дзяржавы – гэта трэба прызнаць.Такая праўда можа быць шокам, але трэба паглядзець ёй у вочы - там ёсьць культ правадыра, дзяржаўная ідэалёгія распаўсюджваецца на ўсе сфэры жыцьця, ёй масава замбіруюць людзей. Заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады кантралюе адна асоба – Лукашэнка і ягоныя спэцслужбы. Парлямэнт у Беларусі цалкам залежны ад Лукашэнкі, апазыцыйныя партыі і недзяржаўныя арганізацыі перасьледуюцца. Гэта тыповы прыклад фашыстоўская дзяржавы, і так да яе трэба ставіцца. Размовы пра тое,што трэба кантактаваць з атачэньнем Лукашэнкі, каб паўплываць на яго – гэта таксама глупства і прыкмета абсалютнага няведаньня беларускай сытуацыі. У дачыненьнях зь Беларусьсю Польшча мае цэлы шэраг інструмэнтаў, якія можна ўжыць. Я ўпэўнены, што новы ўрад гэта зробіць і польская палітыка будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам нашай дзяржавы, а таксама спадзяваньням беларускіх дэмакратычных сілаў і палякаў,што жывуць у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG