Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Помнік Касьцюшку – рэальны праект для ЗША і віртуальны для Беларусі?


Вячаслаў Кулік, Менск Сярод брыгадных генэралаў Злучаных Штатаў Амэрыкі быў толькі адзін прадстаўнік Беларусі. Гэта – Тадэвуш Касьцюшка. Роўна 222 гады таму Кангрэс ЗША прысвоіў яму высокае званьне. Да каляндарнай даты --аб апошніх падзеях, зьвязаных з ушанаваньнем памяці слыннага земляка.

На тыдні пайшоў адлік падрыхтоўкі да 260-х угодкаў Тадэвуша Касьцюшкі. Як паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода супрацоўнік управы культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Несьцярчук, урачыстасьці прымеркаваныя на 4-5 лютага будучага году ў Мерачоўшчыне, дзе аднаўляецца радавая сядзіба нацыянальнага героя.

(Несьцярчук: ) “Ужо ня скачуць людзі, хто прыяжджае на экскурсіі, па камянях і цаглінах. Ходзяць па падлозе. Тынкоўка, печы, столі зробленыя, сталярка таксама. Да канца году мы выйдзем цалкам з будаўнічых работ. Мажліва, экспазыцыя атрымаецца не зусім дасканалая, але да юбілею мы ўвойдзем у дом і будзе што паказаць”.

Паводле Леаніда Несьцярчука, драўляны зруб сямейнага фальварку Касьцюшкі ў Івацэвіцкім раёне нанава будуецца на сродкі амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі. З-за акіяну даслалі больш як 100 фотакопіяў дакумэнтаў і уласнаручных рукапісаў Касьцюшкі. Па словах Леаніда Несьцярчука, звароты аб дапамозе знайшлі падтрымку ў Польшчы, Францыі і Швэйцарыі.

(Несьцярчук: ) “Польскі бок дасьць магчымасьць наведаць Нацыянальны музэй у Кракаве, дзе шмат рэчаў Касьцюшкі. Швэйцарскі бок абяцае. У музэй ў Салюры, дзе дажываў свой век Касьцюшка, павінны неўзабаве выехаць”.

Што можа зрабіць Беларусь для памяці крэўнага сына? Скульптар Алесь Шатэрнік паведаміў Радыё Свабода, што закончыў працу над манумэнтальным помнікам генэрал-палкоўніку Тадэвушу Касьцюшку.

(Шатэрнік: ) “У яго іканаграфія даволі цікавая і адметная. Трошачкі быў кірпаты нос, як у народзе кажуць. Разам з тым ён у мяне атрымаўся даволі высакародным, сымпатычным і маладым чалавекам. Я яго зрабіў пры поўным мундзіры і ён мае два ордэны: Віртуці Мілітары і ордэн Цынцынаці.

Як кажа спадар Шатэрнік, ягоную працу заўважылі і ацанілі амэрыканцы. Сёлета ў Менску на тэрыторыі амбасады ЗША ўсталяваны помнік Тадэвушу Касьцюшку.

(Шатэрнік: ) “Канечне, мне хацелася б прысутнасьць Тадэвуша Касьцюшкі на Беларусі адзначыць. У мяне форма захавалася і можна было б зрабіць яшчэ адзін адлівак. Гэта ня шмат бы каштавала”.

Як высьветлілася, прапанова мастака даспадобы гаспадарам музэя ў Мерачоўшчыне. Але Леанід Несьцярчук зноў кажа пра нібыта фінансавыя праблемы рэгіянальнай улады ў Берасьці

(Несьцярчук: ) “Гэта пакуль віртуальны праект. Пакуль што я не магу сказаць адназначна, але такая ідэя ёсьць”.

Больш катэгарычную ацэнку сытуацыі мае жыхарка Касьцюшкавых мясьцінаў Вікторыя Савосьціна.

(Савосьціна: ) “Балюча, што ніц ня робіцца. У Вашынгтоне сынок мой быў. Хлопцу ня верылася, што там ля Белага дому стаіць помнік Касьцюшку. Як убачыў, так яго гэта ўзрушыла!”

У Амэрыцы помнікі генэралу зь Беларусі ўсталяваныя ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе і Мілуокі. А ў штаце Місісіпі ёсьць і горад Касцюшка... За баявыя заслугі ён атрымаў амэрыканскае грамадзянства, ордэн Цынцынаці, пажыцьцёвую пэнсію і зямельны надзел, а таксама ў якасьці асабістага падарунка ад прэзыдэнта Джорджа Вашынгтона – пару пісталетаў.
XS
SM
MD
LG