Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Комплекс “Лінія Сталіна” вызвалены ад аплаты падаткаў


Ігар Карней, Менск Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, фонд “Памяць Афгану” – ініцыятар аднаўленьня так званай “Лініі Сталіна” – вызвалены ад аплаты падаткаў на даданую вартасьць, на прыбытак, з карыстальнікаў аўтадарогаў, а таксама ад збораў у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчаваньня і аграрнай навукі. Указ пашыраецца на паслугі, якія аказвае наведнікам комплекс “Лінія Сталіна”. У гэты ж час Камітэт дзяржаўнай бясьпекі распрацаваў экскурсійны маршрут па месцах, зьвязаных з жыцьцядзейнасьцю першага савецкага чэкіста Фэлікса Дзяржынскага.

Кіраўнік гістарычна-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” Аляксандар Базарнаў не хавае задавальненьня, што фонд “Памяць Афгану” будзе карыстацца падатковымі ільготамі. Гэта і зразумела: пасьля паўгода існаваньня такія палёгкі не атрымлівала ніводная структура – ні дзяржаўная, ні, тым больш, камэрцыйная. Чаму ў гэты сьпіс ня трапілі іншыя музэйныя комплексы краіны? Асабліва на тле таго, што ўнёсак абаронных раёнаў, пабудаваных на загад Іосіфа Сталіна ў сярэдзіне 1930-х гадоў, у перамогу савецкага народу мінімальны? Тлумачыць Аляксандар Базарнаў.

(Базарнаў: ) “Хатынь не адносіцца да подзьвігу салдатаў. Там чыста адлюстраванае зладзейства фашыстаў. Курган Славы – гэта сымбаль, ніхто не адмаўляе, але штучны, пад ім сьлядоў ад рэальных подзьвігаў няма. А тут канкрэтнае месца, тут былі людзі, якія змагаліся – дагэтуль мы знаходзім парэшткі, масу прадметаў ужытку тых часоў, дрот калючы. Адназначна, тут стаялі войскі, былі баявыя дзеяньні, доты стаяць прастрэленыя. На што гэта сьведчыць? Што гэта рэальнае месца, людзі змагаліся. Вось і ўсё”.

У Беларусі, якая ці не найбольш пацярпела падчас Другой усясьветнай вайны, сотні музэяў і мэмарыяльных комплексаў, якія ледзьве зводзяць канцы з канцамі. Бадай, самы вядомы нават за межамі краіны мэмарыял – “Брэсцкая крэпасьць-герой”, на 70 гектарах якога разьмешчаныя самыя розныя музэйныя экспанаты. Як апавядае кіраўнік комплексу Валерый Губарэнка, мэмарыялу 34 гады, самой крэпасьці – 160. Але шматгадовыя спробы дамагчыся падатковых ільготаў ніякага плёну ня мелі.

(Губарэнка: ) “Я пастаянна выходжу з такімі ініцыятывамі. Нават ворагаў сабе нажыў, калі прасіў, каб вызвалілі ад зямельнага падатку. Два гады таму паспрабаваў, але “далі па шапцы”, сказалі “ня рыпацца”. Натуральна, ня вызвалілі. Мы прасілі, а нам, значыць, адказалі: гэта мясцовыя органы вырашаюць. А як ўхвалілі бюджэт на гэты год, то там нічога не было з гэтай нагоды сказана – маўляў, мясцовым органам дазваляецца вызваліць ад аплаты падаткаў комплекс. Таму, як і раней, плацім і мясцовыя падаткі, і рэспубліканскія. А каб гэтыя грошы, якія мы сваёй працай зарабляем, у нас заставаліся на разьвіцьцё матэрыяльнай базы, натуральна, было б лепей”.

Пытаюся ў кіраўніка берасьцейскага мэмарыялу Валерыя Губарэнкі: чаму тады “Лінія Сталіна” апынулася ў такім прывілеяваным становішчы?

(Губарэнка: ) “Справа ў тым, што “Лінія Сталіна” аднаўлялася паводле распараджэньня прэзыдэнта. Займаўся асабіста Шэйман гэтай справай. Яны, відавочна, падрыхтавалі адпаведныя дакумэнты, накіравалі куды трэба, і зь іх нічога не бяруць. Але мы ўжо ня будзем абмяркоўваць усе нюансы, правільна?”.

Адзін са знаёмых краязнаўцаў у кулюарах распавёў, што адкрытая 30 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі “Лінія Сталіна” паступова ператвараецца ў месца адпачынку рознага кшталту “сілавікоў”, груба кажучы, у “шашлычную”. Падставы да гэтага рэальныя – усяго 20 кілямэтраў ад Менску, месца ня шумнае, розных “катакомбаў” хапае, каб застацца па-за ўвагай наведнікаў. Любяць тут бываць падчас візытаў расейскія ваенныя: трапляючы ў Беларусь, яны бы вяртаюцца ў мілітарызаваны Савецкі Саюз. А вось вэтэранаў, для якіх быццам гэта ўсё і стваралася, сустрэць тут можна толькі ў пэўныя, зноў жа, ваенізаваныя, сьвяты.

У той час, як Аляксандар Лукашэнка падпісваў указ аб вызваленьні фонду “Памяць Афгану” ад сплаты падаткаў і збораў, з КГБ Беларусі прыйшла навіна: распрацаваны экскурсійны маршрут па месцах, зьвязаных зь жыцьцядзейнасьцю Фэлікса Дзяржынскага. Перадусім, гэта тычыцца Дзяржынава Стаўбцоўскага раёну, дзе нарадзіўся першы савецкі чэкіст і дзе за некалькі апошніх гадоў высілкамі сучасных беларускіх “чэкістаў” грошай было асвоена ня меней, чым на “Лініі Сталіна”. Ня будзе нечаканасьцю, калі ў рамках разьвіцьця ўнутранага турызму абодва месцы будуць уключаныя ў прыярытэтныя маршруты для замежных турыстаў.

На здымку: Цяпер “Лінія Сталіна” будзе існаваць у беспадаткавым рэжыме (фота аўтара).
XS
SM
MD
LG