Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым БТ не спадабаўся рэабілітацыйны цэнтар у Тураве?


Казімір Яноўскі, Гомель 11 кастрычніка ўвечары Першы беларускі нацыянальны тэлеканал паказаў крытычны сюжэт пра адкрыцьцё ў Тураве рэабілітацыйнага цэнтру з удзелам амбасадара ЗША ў Беларусі Джорджа Крола. Гэты рэабілітацыйны мэдычны цэнтар створаны ў мясцовым шпіталі пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскага камандаваньня Збройных сілаў ЗША. Выдаткавана на яго 190 тысячаў даляраў. Падчас адкрыцьця ў Тураве рэабілітацыйнага цэнтру 24 чэрвеня сёлета прысутнічаў наш гомельскі карэспандэнт.

Паводле вэрсіі ананімных аўтараў тэлесюжэту, рэабілітацыйны цэнтар у Тураве створаны быццам бы без узгадненьня з беларускімі ўладамі. Карысьць ад яго наогул нібыта сумнеўная.

Найперш я мушу сказаць, што 24 чэрвеня падчас адкрыцьця рэабілітацыйнага цэнтру ў Тураве прадстаўнікоў беларускага тэлебачаньня ня было. На відэакамэру здымаў амбасадара ЗША Джорджа Крола толькі фотакарэспандэнт Жыткавіцкай раённай газэты.

Калі б рамесьнікі ад тэлебачаньня прыехалі ў той дзень у Тураў, яны, пэўна, пачулі б, што казаў на цырымоніі наконт мэтазгоднасьці стварэньня рэабілітацыйнага цэнтру намесьнік старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму Уладзімер Гулюта.

(Гулюта:) “Цяперашняе адкрыцьцё рэабілітацыйнага цэнтру стала, пэўна, новай ступеньню ў аказаньні так неабходнай дапамогі нашым людзям, мэдычнай дапамогі. І самае галоўнае, што нас радуе, - гэта тое, што дапамога будзе аказвацца многім нашым людзям”.

Відавочна, крытыка беларускай тэлевізіяй тураўскага рэабілітацыйнага цэнтру мае свае прычыны. Ці не здаецца, напрыклад, афіцыйным тэлевізійнікам, што мэдычныя цэнтры, створаныя з дапамогаю амэрыканцаў – гэта зусім ня цэнтры, а штабы апазыцыі, напоўненыя далярамі?

Так ці інакш, але ні канкрэтныя справы, ні заявы амбасадара ЗША Джорджа Крола наконт таго, што амэрыканцы памятаюць пра трагічныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы, усьведамляюць штодзённую патрэбу ў мэдычным абслугоўваньні людзей ды іх рэабілітацыі, тэлевізію не кранае. Між тым, супольнае супрацоўніцтва дазваляе паляпшаць якасьць мэдычных паслуг. І прыкладам такога супрацоўніцтва і зьяўляецца рэабілітацыйны цэнтар у Тураве:

(Крол:) “Гэта добры прыклад супрацоўніцтва паміж нашымі народамі – амэрыканцамі і беларусамі. І я ганаруся. І я адчуваю вялізарную падтрымку з боку мясцовай улады і кіраўніцтва шпіталю таксама”.

Сам рэабілітацыйны цэнтар створаны на першым паверсе Тураўскага шпіталю. Паверх гэты за амэрыканскія грошы пераплянавалі, адрамантавалі, закупілі абсталяваньне. Рашэньне на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі прымаў Тураўскі пасялковы Савет, а пасьля і райвыканкам. Дакумэнтацыя прайшла дзяржаўную экспэртызу.

Якія паслугі будзе аказваць жыхарам Тураву рэабілітацыйны цэнтар, апавядае галоўная лекарка Ірына Сяргейчык:

(Сяргейчык:) “Гэты цэнтар для Тураўскага краю проста неабходны. Людзі будуць тут мець магчымасьць атрымліваць водалячэньне, гразелячэньне, фізіяпрацэдуры, фіта-чай – тыя працэдуры, якія падтрымліваюць стан здароўя чалавека ў цэлым”.

Дарэчы, менавіта высілкамі Ірыны Сяргейчык быў выйграны амэрыканскі грант на стварэньне Цэнтру рэабілітацыі.

Галоўны лекар Жыткавіцкага мэдычнага аб’яднаньня Канстанцін Грамак кажа пра гэта:

(Грамак:) “Няма нідзе ў вобласьці ў раённых цэнтрах такога. Калі толькі разьлічваць на Жыткавічы і на Тураў, людзей тут для ягонай магутнасьці будзе малавата. Гэта трэба вырашаць на абласным узроўні, як яго выкарыстоўваць”, - лічыць кіраўнік раённай мэдычнай службы.

Дадатковыя клопаты ды ініцыятыўнасьць Ірыны Сяргейчык ня надта падабаюцца мэдычнаму начальству. Галоўную лекарку не атэставалі як кіраўніка і нават звольнілі з пасады. Яна абскардзіла звальненьне ў судзе, і яе аднавілі на працы.

Аднак мэдычная адміністрацыя дамаглася адмены рашэньня ў абласным судзе. Гэтымі днямі ў Жыткавіцкім судзе вёўся паўторны разгляд справы пра звальненьне Ірыны Сяргейчык.

Апрача таго, створаны ў Тураве рэабілітацыйны цэнтар ня ўпісваецца ў канцэпцыю рэфармаваньня сыстэмы аховы здароўя. Тураўскі шпіталь пасьля скарачэньняў штатаў наогул павінен стаць аддзяленьнем Жыткавіцкага раённага шпіталю. А тут - на табе, такі шыкоўны цэнтар. Гэта, відавочна, нэрвуе начальства. І зьяўляюцца ананімныя тэлесюжэты: маўляў, глядзіце, што нарабілі тут амэрыканцы! Пры гэтым мала ўжо каго турбуе, дзе і як будуць лячыцца шараговыя грамадзяне Турава, той самы народ, пра які ўвесь час гавораць, але вельмі часта не заўважаюць:

(Пятрычыц:) “У раён лячыцца далёка ехаць. З дальніх, напрыклад, вёсак у Тураў лягчэй прыехаць, чымсьці ў раён дабрацца. А дабярыся да райцэнтру, там увесь раён сьпіхнулі ў адну бальніцу. Калі чалавек хоча прайсьці агляд, цэлы дзень трэба страціць. Назад можа і не прыехаць - трэба начаваць дзе-небудзь. Усё рэканструкцыя, рэарганізацыя – засталася ў нас адна толькі тэрапія. Якая апэрацыя, трэба везьці ўсё ў раён, у раён”, - кажа жыхарка Турава Лідзія Пятрычыц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG