Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Беларусі пра магчымае вяртаньне Зянона Пазьняка?


Галіна Абакунчык, Менск Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк у інтэрвію Радыё Свабода заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі на выбарах 2006 году. Цяпер ЦВК вывучае юрыдычныя магчымасьці ўдзелу спадара Пазьняка ў выбарчай кампаніі. Пэрспэктывы кіраўніка КХП БНФ абмяркоўваюць і ў палітычных, культурных, грамадзкіх асяродках. “Ці верыце вы, што Зянон Пазьняк вернецца ў Беларусь для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?” -- гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала вядомым у краіне людзям, а таксама мінакам на вуліцах Менску.

Менскія мінакі не забыліся імя Зянона Пазьняка й ягоную заяву пра ўдзел у выбарах камэнтавалі гэтак.

(Першая спадарыня: ) “Наколькі я памятаю, ён шмат разоў заяўляў пра гэта, але так нічога з гэтага не атрымалася. І ўдзельнічаў, а нічога не атрымалася”.

(Першы спадар: ) “У мяне сумневы, што ён будзе ўдзельнічаць. Ён палітык не такога рангу, каб удзельнічаць у выбарах”.

(Другая спадарыня: ) “Мажліва, будзе ўдзельнічаць, але ў яго спадзяваньняў ніякіх. На жаль, а, магчыма, да шчасьця – ня ведаю як сказаць – але Пазьняк радыкальны чалавек, а хто жадае радыкальных зьменаў? Ніхто ня хоча”.

(Другі спадар: ) “Ён перамогу не атрымае. А калі трохі пасядзіць, то будзе вельмі стары. Няхай дае другім шлях”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Я з павагай стаўлюся да Зянона Пазьняка, але тое, што ён знаходзіцца ў нейкай ізаляцыі ад Беларусі – гэта не на карысьць яму, не на карысьць аўтарытэту, на мой погляд. Патрэбна мець на ўвазе, што сытуацыя ў Беларусі за гэтыя апошнія гады зьмянілася і таму каб перамагчы даволі моцную асобу, як Аляксандр Лукашэнка, патрэбна быць больш моцным, патрэбна ведаць рэаліі беларускія і мець такія ж амбіцыі і падтрымку беларусаў”.

Ці верыце вы, што Зянон Пазьняк вернецца ў Беларусь для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году? На гэтае пытаньне прадстаўнікі інтэлігенцыі адказвалі наступным чынам. Гаворыць навуковец Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “У заяву я веру, але 100 тысяч подпісаў не зьбярэ Пазьняк сваімі сёньняшнімі структурамі, нягледзячы на тое, што ў гэтых структурах ёсьць пэўная колькасьць адказных людзей, якіх я паважаю. Але рэальна, як і ў мінулы раз ён ня здолее ўключыцца ў прэзыдэнцкую гонку. Учора вось на вечарыне Уладзімера Арлова задалі пытаньне і Арлоў сказаў: “Я сустракаюся ў школах і згадваю прозьвішча Пазьняка, але многія ня ведаюць хто такі Пазьняк. Ён зьнік з арэны беларускай на доўгі пэрыяд. І сапраўды: частка яго ненавідзяць, а частка ня ведае проста. Таму шанцы, канечне, у такой сытуацыі нельга назваць рэальнымі”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін выказаўся гэтак.

(Калякін: ) “Ня ведаю, ці будзе ён такі намер выказваць рэальна, але шанцаў ніякіх няма. Няма структураў, якія маглі б яго падтрымаць і сабраць дастатковую колькасьць галасоў для таго, каб ён мог быць зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Наўрад ці ён будзе кандыдатам у прэзыдэнты”.

Вядомая грамадзкая дзяячка й палітык Людміла Гразнова трымаецца наступнага меркаваньня.

(Гразнова: ) “Не магу адказваць за Зянона Пазьняка, я паважаю яго як гістарычнага дзеяча, але ж як ён у апошнія гады ня змог уключыцца ў нашу кааліцыйную дзейнасьць, таму прадказаць яго учынак на агульную карысьць дэмакратычных сілаў ў мяне няма такой мажлівасьці. Ён будзе крайне правым нацыяналістычным лідэрам, колькі працэнтаў галасоў зьбярэ, але надвор”я ён тут ня зробіць. Толькі можа яго ўключэньне ў кампанію сапсуе становішча агульнага кандыдата. Калі ён сюды ня прыедзе – гэта можа быць на карысьць адзінага кандыдата, які быў абраны на кангрэсе”.

Дырэктар Нацыянальнага Беларускага ліцэю Уладзімер Колас выказаўся гэтак.

(Колас: ) “Мы паважаем Зянона Станіслававіча перадусім як гістарычную асобу, як чалавека, які меў мужнасьць сказаць тое, пра што ўсе казалі толькі на кухнях. Ён выказваў гэта ўпершыню на людзях. Але ўсё зьмяняецца, часы мяняюцца і, напэўна, пэўныя памылкі былі зробленыя, якія, мажліва, зрабілі зь Зянона Станіслававіча такога патрыярха нашага дэмакратычнага руху і двойчы ўваходзіць у тую самую ваду немагчыма”.

Агульную рысу падвяла пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) “Калі б ён быў тут, то, несумненна, на мой погляд, яму трэба было б балятавацца. Але ў гэтай сытуацыі, калі ён за межамі краіны, і калі яго нейкім цудам нават могуць зарэгістраваць, дапусьціць да выбараў, у любым выпадку, на маю думку, ён адцягне частку дэмакратычных сілаў ад адзінага кандыдата спадара Аляксандра Мілінкевіча. І гэта будзе не на карысьць нашай агульнай справе”.
XS
SM
MD
LG