Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КГБ ня ведаюць, хто расстраляў у Курапатах дзесяткі тысяч людзей


Сяргей Навумчык. Прага КГБ Беларусі распрацоўвае “экскурсійны маршрут” з наведваньняў месцаў, зь якімі, паводле прадстаўніка КГБ Валерыя Надтачаева, “мусіць быць зьвязаны нейкі эпізод” у гісторыі КГБ. На пытаньне карэспандэнткі Свабоды, ці будуць уключаныя ў “маршрут” Курапаты ды іншыя месцы масавых расстрэлаў , спадар Надтачаеў заявіў, што “дакладна ж невядома, хто там расстрэльваў”.

Такім чынам, у КГБ Беларусі ўсё яшчэ ня ведаюць, хто расстрэльваў у Курапатах – хаця з 1988 году, пасьля артыкулаў Зянона Пазьняка, гэта ведае ўся плянэта. Дзясяткі тысяч людзей былі расстрэляныя супрацоўнікамі ўстановы, якая ў той час называлася НКВД, а да гэтага – ЧК, і было ўтворанае Феліксам Дзяржынскім, пераемнікамі якога лічаць сябе беларускія гэбісіты.

Сярод магчымых маршрутаў для тых, хто жадае пазнаёміцца з гісторыяй Беларускага КГБ, можна назваць будынак цяперашнага МУС – у 30-ых гадох там месьціўся НКВД, і менавіта ў ягоных сутарэньнях сядзелі Тодар Кляшторны ды дзесяткі іншых беларускіх паэтаў. Адсюль пачаўся іх шлях у Курапаты – толькі ў адзін дзень 29 кастрычніка 1937 году нашчадкі Дзяржынскага расстралялі сем беларускіх пісьменьнікаў.

Можна уключыць у маршрут Паставы ды іншыя гарадкі Заходняй Беларусі, дзе былі арыштаваныя сябры Саюзу Беларускай моладзі – потым яны былі асуджаныя на Сібір на 10, 15, 20 гадоў за тое, што малявалі “Пагоню” і зьбіраліся пад бел-чырвона-белым сьцягам.

У маршруце знайшлося б месца і вёсцы Вязынь Вілейскага раёну, дзе ў пачатку 1950-ых гадоў году гэбісты арыштавалі беларускага патрыёта Янку Філістовіча – сябру Рады БНР, які нелегальна быў засланы ў Беларусь з мэтай вярнуць тую самую Незалежнасьць, якую ў 1918-ым адабралі ў беларусаў камуністы з дапамогай паплечнікаў Дзяржынскага.

У экскурсыйны маршрут можа быць уключаная Авальная заля Дому ўраду, дзе байцы элітнага спецпадразьдзяленьня КГБ “Альфа” зьбілі дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі БНФ. І , канешне, турма “амэрыканка” у якой сядзеў паэт Славамір Адамовіч за адзін верш.

А таксама-- плошчы і вуліцы Менску, дзе гэбісты адсочваюць удзельнікаў масавых акцыяў, якіх потым міліцыянты і байцы спэцслужбаў жорстка зьбіваюць у пад’ездах ці пастарунках, ды кватэры апазыцыйных лідэраў, якія стаяць на “праслушцы”.

Як бачым, даволі вялікі можа атрымацца сьпіс месцаў, зь якімі, як выказаўся прадстаўнік ГБ, зьвязаны “нейкі эпізод” дзейнасьці нашчадкаў Дзяржынскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG