Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народнай Волі" дапамагаюць прыватныя прадпрымальнікі


Міхал Стэльмак, Менск У кампанію грамадзкай дапамогі “Народнай Волі” уключыліся прадпрымальнікі. Яны пачалі распаўсюджваць гэтае выданьне ў рэгіёнах, а таксама пратэставаць супраць перашкодаў з боку дзяржавы на атрыманьне незалежнай інфармацыі.

Прадпрымальнікі адгукнуліся на зварот да іх галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча дапамагчы газэце з распаўсюдам. У прыватнасьці, дзякуючы прадпрымальнікам, незалежнае выданьне пачало прадавацца на рынках Барысава. Вось што паведаміў на гэты конт лідэр мясцовых бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Людзі чакаюць “Народную Волю” зь нецярплівасьцю. Калі прывозіш яе на рынак, дык яны пытаюцца: ці сьвежая. Кажуць, давайце хутчэй. Самі чытаюць. Суседзям раздаюць. Можна сказаць так: закрыцьцё каналаў распаўсюду “Народнай волі” праз шапікі – гэта толькі на шкоду ўладам”.

Віктар Гарбачоў патлумачыў, што дзякуючы новай форме распаўсюду, у “Народнай Волі” ў тым жа Барысаве зьявіліся новыя чытачы. Прадпрымальніцкі лідэр паведаміў таксама, што ў гэтым горадзе гандляры распаўсюджваюць штодзённа звыш тысячы асобнікаў газэты. “Народная Воля” гэтымі днямі таксама зьявілася на рынках Жодзіна, Крупак, Рэчыцы. Гаворыць лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў Леанід Невар:

(Невар: ) “У шапіках “Народнай Волі” няма. Мы заключылі дамовы з Сярэдзічам. Бярэм рэклямнае выданьне “Народнай Волі” і распаўсюджваем па горадзе на ўсіх рынках, у мікрараёнах, сярод насельніцтва знаёмых. Раздаецца 2000 экзэмпляраў газэты”.

Паведаміў Леанід Невар з Рэчыцы. Тым часам у Салігорску мясцовыя бізнэсоўцы ў сувязі з падзеямі вакол “Народнай Волі” выступілі зь ініцыятывай масавага грамадзкага пратэсту супраць перашкодаў з боку дзяржавы на атрыманьне незалежнай інфармацыі. Гаворыць лідэр тутэйшых прадпрымальнікаў Аляксандар Цэцура:

(Цэцура: ) “Ладзім збор подпісаў ня толькі прадпрымальнікаў, а і ўсіх жыхароў горада Салігорску. Зварот будзем пісаць у Канстытуцыйны суд, у пракуратуру, скардзіцца, што парушаюцца нашы канстытуцыйныя правы на атрыманьне своечасовай і праўдзівай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG