Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ наладзіць экскурсіі па памятных мясьцінах дзейнасьці, але не па ўсіх


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі КДБ распрацоўваюць экскурсійны маршрут па памятных мясьцінах КДБ. Пакуль невядома, куды канкрэтна будуць вазіць экскурсантаў, але дакладна вядома, што не ў Курапаты ці ў іншыя месцы масавых расстрэлаў людзей.

Мэмарыяльны комплекс “Дзяржынава” знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне, у месцы, дзе нарадзіўся "жалезны" Фэлікс, заснавальнік ВЧК. У доме-музэі аднавілі абстаноўку мінулага, сабралі вялікую колькасьць фатаздымкаў і экспанатаў. Фінансавалі гэты праект спэцслужбы Беларусі, Украіны і Расеі, а таксама Менгарвыканкам і “Беларусбанк”.

Цяпер у “Дзяржынаве” ўрачыста прымаюць на працу ў органы дзяржаўнай бясьпекі маладых лейтэнантаў.

Намесьнік кіраўніка цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў паведаміў Радыё Свабода, што супрацоўнікі КДБ вырашылі распрацаваць экскурсійны маршрут. Пакуль невядома, якія месцы будуць наведваць экскурсанты, але дакладна вядома, што не масавых расстрэлаў арыштаваных людзей.

Валеры Надтачаеў патлумачыў, што экскурсію распрацоўваюць з мэтай выхаваньня людзей.

(Надтачаеў: ) "Мы працуем над тым, каб стварыць такі маршрут. Вызначаем месцы з нашага гістарычнага мінулага. Нас цікавіць мінулае стагодзьдзе – дасавецкі пэрыяд і савецкі. Больш нас цікавіць савецкі пэрыяд".

(Карэспандэнтка: ) “Ці будуць уключаны ў гэты маршрут Курапаты, іншыя месцы масавых расстрэлаў людзей і месцы, дзе іх трымалі – лягеры, якія былі на тэрыторыі Беларусі?”

(Надтачаеў:) “Наўрад ці гэтыя месцы будуць уключаны ў маршрут. Справа ў тым, што, калі распрацоўваецца маршрут, то перасьледуецца нейкая канкрэтная задача. Што ж тычыцца пералічаных вамі месцаў, дык… праблема ж не зьнятая. Дакладна ж невядома, хто там расстрэльваў. Зь месцам мусіць быць зьвязаны нейкі эпізод. Ну, напрыклад, затрыманьне шпіёна… Напрыклад, фантан ля Дома афіцэраў. Там затрымалі забойцу. Мы ж займаемся ня толькі шпіёнамі. Пакуль экскурсійнага маршруту, які б быў зьвязаны з памятнымі мясьцінамі КДБ, няма. Вядзецца яго распрацоўка. Якія там будуць месцы, пакуль мы яшчэ ня ведаем.”

Валеры Надтачаеў паведаміў, што супрацоўнікі КДБ будуць імкнуцца як мага хутчэй завяршыць працу над праектам. Беларускі КДБ стане першым ў гісторыі аналягічных структураў, які наладзіць экскурсійны маршрут па памятных мясьцінах дзейнасьці сваёй установы. Але некаторыя месцы, якія ў народнай памяці зьвязаныя зь дзейнасьцю КДБ, экскурсія, праўдападобна, будзе абмінаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG