Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы зацікаўленая ў шчыльных кантактах зь беларускімі актывістамі


Паводле БелаПАН Рада Эўропы зацікаўленая ў "шчыльных кантактах" з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў. Пра гэта кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў сёньня ў Бруселі падчас сустрэчы з Вольгай Стужынскай – кіраўніком офісу "За дэмакратычную Беларусь", які прадстаўляе інтарэсы беларускай апазыцыі пры міжнародных арганізацыях.

Спадар ван дэр Ліндэн выказаўся супраць "поўнай ізаляцыі" Беларусі. На яго думку, "дзьверы ў Раду Эўропы павінны заставацца для краіны адчыненымі". Рэнэ ван дэр Ліндэн выказваецца за неабходнасьць кантактаў з парлямэнтам Беларусі, аднак выключае магчымасьць сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі выказаў вялікую зацікаўленасьць у прыцягненьні беларускіх прадэмакратычных прадстаўнікоў да ўдзелу ў пасяджэньнях падкаміэту асамблеі па Беларусі і ў сэсіях асамблеі.

Рэнэ ван дэр Ліндэн таксама канстатаваў спыненьне афіцыйных кантактаў Рады Эўропы зь беларускім парлямэнтам.

Падчас яго сустрэчы са спадарыняй Стужынскай закраналася пытаньне аб магчымым абмеркаваньні ў межах Рады Эўропы "беларускага пытаньня" з Расеяй, якая ў 2006 годзе ўзначаліць гэтую арганізацыю. Бакі таксама абмеркавалі магчымасьць выступленьня прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Менску і беларускай дэлегацыі на сэсіі ў Страсбуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG