Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі касьмічны карабель выйшаў на каляземную арбіту


Юры Дракахруст, Прага Сёньня раніцай са стартавай пляцоўцы ў пустыні Гобі ў космас накіраваўся кітайскі карабель “Шэньджоў-6” з двума касманаўтамі на борце. Касманаўты прабудуць на арбіце пяць дзён. Старт касьмічнага карабля “Шэньджоў-6” кітайскае тэлебачаньне паказвала сёньня ў жывым эфіры.

Цяперашні палёт кітайскіх касманаўтаў Фэй Цзуньлуня і Нэ Хайшэна адбыўся амаль дакладна праз два гады пасьля таго, як у космасе пабываў першы кітайскі касманаўт – палкоўнік Ян Лівэй. Ён прабыў на арбіце 21 гадзіну, абляцеў Зямлю 14 разоў і вярнуўся ў Кітай нацыянальным героем.

Цяперашні палёт – больш працяглы, ён будзе доўжыцца пяць дзён. Пэкін пачаў працу над сваёй ракетнай праграмай яшчэ ў 1950-я гады, першы кітайскі спадарожнік быў выведзены на арбіту ў 1970 годзе. Хаця касьмічная праграма КНР шчыльна зьвязаная з абаронай, цяперашні палёт, як паведамляецца, мае выключна навуковы і мірны характар. Для Кітая важны прэстыж. Гаворыць брытанскі адмысловец у касьмічных дасьледаваньнях Эндру Коатс.

(Коатс: ) "Да апошняга часу толькі Расея і Злучаныя Штаты былі ў стане накіраваць людзей у космас, а цяпер Кітай уваходзіць у гэты закрыты клюб, бо ў стане зрабіць тое самае. Пэкін накіроўвае шмат грошай і рэсурсаў на гэта, каб прадэманстраваць сьвету тэхнічныя магчымасьці сваёй краіны".

Падчас цяперашняга палёту на арбіту выводзіцца капсула, у якой будуць жыць касманаўты, а таксама арбітальная міністанцыя. Капсула ў касманаўтамі будзе вернутая на Зямлю, а міністанцыя на арбіце будзе чакаць новых гасьцей.

“Шэньджоў-6”, як і ягоны папярэднік “Шэньджоў-5”, на якім у 2003 годзе выйшаў у космас Яе Лівэй, сканструяваны паводле ўзору савецкіх караблёў тыпу “Союз”, створаных яшчэ ў 1960-я гады. Тым ня менш кітайцы ўпэўненыя ў надзейнасьці і пэрспэктыўнасьці сваёй касьмічнай праграмы. У 2010 годзе Пэкін плянуе палёт касьмічнага карабля на Месяц.
XS
SM
MD
LG