Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калякін – кіраўнік штабу, А.Лябедзька – Нацыянальнага камітэту


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня на першым паседжаньні ўтворанай кангрэсам Палітычнай рады дэмакратычных сіл былі зробленыя першыя назначэньні ў камандзе адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. На ініцыятыву Аляксандра Мілінкевіча палітрада зацьвердзіла кіраўніком перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, а кіраўніком Нацыянальнага камітэту – старшыню АГП Анатоля Лябедзьку. Якія функцыі яны будуць выконваць на гэтых пасадах?

Лідэр камуністаў Сяргей Калякін зазначыў, што першае паседжаньне Палітрады дэмакратычных сіл пакуль мала адрозьнівалася ад нарад так званай дзясяткі. Хіба што толькі тым, што старшыняваў на ім Аляксандар Мілінкевіч, які раней у дзясятцы ня меў права голасу.

Акрамя таго, адбылося першае пашырэньне складу гэтага органу – на прапанову адзінага кандыдата сябрам Палітрады быў абраны вядомы грамадзкі дзеяч Віктар Карнеенка, які раней узначальваў перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Карнеенка гэтак акрэсьліў свае функцыі ў камандзе:

(Карнеенка: ) “Далучаць новыя няўрадавыя арганізацыі да гэтага працэсу, таму што ў краіне іх больш за дзьве тысячы толькі зарэгістраваных, а яшчэ ёсьць вельмі шмат розных ініцыятываў.”

Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў на пасаду кіраўніка свайго перадвыбарчага штабу лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, які быў аднагалосна падтрыманы.

Спадар Калякін зазначыў, што сваю новую функцыю ён бачыць у арганізацыі працы вялікай колькасьці людзей паводле адзінага пляну і ў рамках адзінай каманды. Структура штабу і кандыдатуры ягоных супрацоўнікаў ад усіх палітычных сіл кааліцыі будуць зацьверджаны ў бліжэйшы панядзелак.

(Калякін: ) “Што датычыць цэнтральнага штабу, я думаю, што цягам 10-15 дзён мы ўсё завершым. Структура штаба будзе зьменлівай, у залежнасьці ад таго, якія функцыі патрэбна выконваць у пэўны момант. Пазьней яна можа быць рэфармаваная з улікам зьяўленьня новых неабходных функцыяў”.

Дыскусія наконт прынцыпаў фармаваньня Нацыянальнага камітэту была больш працяглай, паколькі на гэты конт у розных палітыкаў былі не такія адназначныя ўяўленьні. Кіраўніком гэтага своеасаблівага ценявога ўраду апазыцыі быў прызначаны лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які мяркуе, што гэты орган мае стаць інтэлектуальным цэнтрам апазыцыйнай кааліцыі:

(Лябедзька: ) “Ён павінен выдаваць інтэлектуальны прадукт, які ўзмацняе кампанію, каб людзі пераконваліся, што гэта каманда, якая прыйдзе і забясьпечыць перамены. Вобраз будучай Беларусі, які часткова знайшоў увасабленьне ў адным з дакумэнтаў Кангрэсу, гэты накірунак трэба распрацоўваць – вобраз будучай Беларусі, у якой утульна розным катэгорыям насельніцтва.”

Анатоль Лябедзька мяркуе, што Нацыянальны камітэт будзе насіць характар працоўна-прадстаўнічага органу. У ім будуць як вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы, так і спэцыялісты-прафэсіяналы, у тым ліку і замежныя.
XS
SM
MD
LG