Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі чакаюць абяцаных кірмашоў


Казімер Яноўскі, Гомель Пры канцы верасьня гомельскія ўлады празь мясцовы друк паінфармавалі жыхароў, што ў горадзе ў выходныя і будні арганізуюць кірмашы бульбы і гародніны. Тысячы гараджан у суботы імкнуцца на цэнтральны пляц гораду, бульбу тут прадаюць за 360—380 рублёў за кіляграм, утвараюцца вялікія чэргі. Абяцаных шматлікіх кірмашоў у будні пакуль бракуе.

Кіраўнік рэгіянальнай асацыяцыі вытворцаў бульбы ды гародніны Валер Папкоў распавёў, што сельгаспрадукцыі ў калгасаў сёлета дастаткова. Але арганізоўваць продаж яе ў вызначаных месцах абавязаны непасрэдна камітэт у пытаньнях сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Намесьнік старшыні камітэту Рычард Стэфановіч, адказны за гэтую справу, надзвычай эмацыйна рэагуе на пытаньне, чаму ўсё-такі гаспадаркі ня ладзяць у гэтыя пагодныя кастрычніцкія дні абяцанага масавага продажу бульбы ды гародніны.

(Стэфановіч: ) “У мяне ёсьць каму пытаць, у чым справа. Не дурыце галавы! Прыходзьце ў суботу на пляц і купляйце. У звычайныя дні людзі працуюць, а ў суботу гандлююць”.

І сапраўды, большасьць з паўтара дзясятка адведзеных пляцовак для гандлю бульбай і гароднінай сёньня пуставалі. У мікрараёне Мельнікаў луг гутару з гараджанамі. Яны чакаюць абяцанага тут кірмашу:

(Спадарыня: ) “Трэба вазіць і людзей забясьпечваць”.

(Спадар: ) “І цыбулю, і моркву — усё, што ёсьць у калгасах, няхай прывозяць сюды і прадаюць. Людзі будуць браць з задавальненьнем і запасацца на зіму”.

Вызначылі таксама пляцоўку для штодзённага продажу сельгаспрадукцыі і ў мікрараёне Клёнкаўскі — каля крамы на вуліцы Чачэрскай.

(Пэнсіянэрка: ) “Сёлета яшчэ ні разу не прывозілі. У папярэднія гады гэта рабілі. Трэба, каб абавязкова во тут быў кірмаш для састарэлых людзей. Яны пісалі ў гарадзкой газэце, што каля гэтай крамы на вуліцы Чачэрскай будзе невялікі кірмаш. Няхай арганізоўваюць нам кірмаш. Ён павінен тут быць. І морквачка, і капуста — усё павінна быць. Выйшаў стары чалавек ды ўзяў. А то ідзі туды… Адны хворыя, іншыя кульгавыя, а трэція наагул бязногія. Куды і як ісьці?” — бядуе пэнсіянэрка, інвалід другой групы зь мікрараёну Клёнкаўскі.

Па тэлефоне я зьвязаўся з прыгараднай гародніннай гаспадаркай “Усход”. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Анатоль Дзяйкун патлумачыў, што яму бракуе транспарту дзеля падвозу бульбы ды гародніны ў Гомель, ёсьць дзьве старэнькія аўтамашыны — таму на кірмашы гаспадарка выяжджае толькі ў выходныя дні.

Як купляюць бульбу гараджане на цэнтральным пляцы Леніна ў суботу, апавяла маладая гаспадыня:

(Спадарыня: ) “Хацелі купіць бульбы. Раніца яшчэ, а бульбы ўжо няма. Паехалі на іншы рынак і там узялі — 10 тысяч рублёў за сетку. Бульбы з калгасаў прывозяць недастаткова. Дзеля чаго гэты кірмаш гандлюе нібыта да вечара? Дзеля рэклямы? На машынах ужо праз пару гадзінаў нічога няма. Дзеля “птушачкі” усё робіцца. А людзі носяцца ў выходны, шукаюць бульбу”.

Зрэшты, мне самому ў мінулую суботу прыйшлося зрабіць менавіта так, як апавяла гараджанка, — пасьля пошукаў бульбу я купіў у прыватнікаў.
XS
SM
MD
LG