Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзеце вы ўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці 16 кастрычніка?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў ды рухаў заклікалі ўсіх беларусаў узяць удзел у акцыі салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў — беларускімі палітычнымі вязьнямі, незалежнымі журналістамі, зьніклымі і іх сем’ямі. 16 кастрычніка а 8-й вечара яны прапануюць пагасіць сьвятло і на 15 хвілін запаліць сьвечкі ў сваіх вокнах. Як ставяцца жыхары Віцебска да гэтай акцыі салідарнасьці?

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзеце вы браць удзел у акцыі 16 кастрычніка?”

(Спадар: ) “Калі шчыра, то ня меўся. Я і пачуў пра яе толькі цяпер во ад вас. А што гэта за акцыя, якой салідарнасьці, з кім?”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітыкамі, і яна прысьвечаная памяці зьніклых беларускіх грамадзянаў — Завадзкага, Красоўскага, Ганчара, Захаранкі”.

(Спадар: ) “Палітыкай я цікаўлюся толькі як назіральнік, збоку. Стараюся нікуды ня лезьці і ні ў чым ня браць удзелу. Па-першае, таму што нецікава, а па-другое, каб не было горш — калі зьнікнуць могуць ня толькі палітыкі, але і звычайныя людзі”.

(Спадарыня: ) “Не, я ня думаю, што буду браць удзел. Я занадта мала ведаю па гэтым пытаньні. Я лічу, што спачатку трэба вельмі шырока расказаць пра гэтую праблему ў прэсе, асьвятліць погляды ўсіх бакоў — і меркаваньні сем’яў пацярпелых, і адказы дзяржавы. І толькі пасьля таго вырашаць усе пытаньні”.

(Хлопец: ) “Безумоўна! Ня ведаю, дзе я буду знаходзіцца 16-га ўвечары, але ў вызначаны час я выключу сьвятло і запалю на падваконьні сьвечку. Я ня пэўны, што гэта адаб’ецца на вырашэньні праблемы непасрэдным чынам, але я лічу, што гэта будзе сымбалем агульнай салідарнасьці, праяваю зацікаўленасьці і ўвагі ўсіх людзей да лёсаў зьніклых”.

(Дзяўчына: ) “Мяне турбуюць лёсы гэтых людзей. Аля я ня ведала пра гэтую акцыю. Цяпер, калі пачула, думаю, што варта ўзяць удзел. Бо, калі кожны зробіць так, гэта будуць ужо не адно словы, а спадзеў на нешта добрае і сьветлае для лёсу Беларусі”.

(Спадар: ) “Якраз цяпер я ўспомніў пра акцыю, мне пра яе казалі. Праблема будзе хіба ў тым, што я жыву ў такім раёне, дзе агеньчык маёй сьвечкі будзе ня дужа заўважны. Але я яе запалю на знак салідарнасьці абавязкова!”

(Дзяўчына: ) “Наўрад ці я буду нешта рабіць. Я дужа далёкая ад палітыкі. Але, калі насамрэч усё так, як пра гэта гавораць, калі да зьнікненьня гэтых людзей нехта прыклаў руку, то, я думаю, трэба хутчэй вырашаць гэтую праблему”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы падтрымаеце акцыю салідарнасьці 16 кастрычніка?”

(Спадар: ) “Якую акцыю?”

(Карэспандэнтка: ) “Акцыя, прысьвечаная беларускім палітыкам, зьніклым, усім, хто змагаецца за незалежнасьці Беларусі. Вы запаліце сьвечку на знак салідарнасьці зь імі?”

(Спадар: ) “Я пра гэта яшчэ ня ведаў. Але цяпер падумаю”.

Зьнешнія спасылкі: • www.solidarity16.org/bel
XS
SM
MD
LG