Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэмакратыя ў Беларусі пераможа тады, калі беларусы будуць ведаць праўду”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У нашай пошце апошніх дзён па-ранейшаму нямала лістоў на тэму пэрспэктываў адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, абранага на нядаўнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Многія слухачы таксама абмяркоўваюць далейшы лёс недзяржаўнай прэсы ў Беларусі — пасьля таго, як улады пазбавілі газэту “Народная Воля” магчымасьці друкавацца на тэрыторыі Беларусі і распаўсюджвацца праз кіёскі “Белсаюздруку”. Аўтар аднаго зь лістоў на гэтыя тэмы — Мікалай Волін зь Менску. Слухач піша:

“Удар па “Народнай Волі” паказаў, што ключавой праблемай у барацьбе за свабоду ў Беларусі стала магчымасьць распаўсюджаньня інфармацыі. І найважнейшымі паказьнікамі эфэктыўнасьці штабу Аляксандра Мілінкевіча будзе праца менавіта ў гэтым кірунку”.

У сваім лісьце Мікалай Волін выказвае ўласныя ідэі наконт таго, як зрабіць больш даступнай для беларусаў альтэрнатыўную інфармацыю:

“Па-першае, трэба зьвярнуцца да ўсіх праціўнікаў дыктатуры з прапановай узяць удзел у распаўсюдзе незалежных газэтаў і ўлётак. Прычым, інфармацыю пра гэта трэба падаваць шматкроць, паколькі магчымасьці дэмакратаў даносіць навіны абмежаваныя. А па-другое, трэба прымусіць расейскае тэлебачаньне даваць інфармацыю пра барацьбу за свабоду ў Беларусі. Дамагчыся гэтага можна, праводзячы больш імпрэзаў у Маскве. І найпершая задача — інфармацыя пра адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча”.

Ня надта рэальна гэта, спадар Волін, прымусіць расейскія тэлеканалы падаваць больш інфармацыі пра падзеі ў Беларусі. Калі памятаеце, быў час (гэта сярэдзіна і канец 1990-х гадоў), калі расейскае тэлебачаньне вельмі шмат увагі надавала беларускім праблемам. Але гэта было тады, калі расейскія тэлежурналісты адчувалі сябе адносна свабоднымі. Пасьля таго, як амаль усе маскоўскія тэлеканалы, якія можна прымаць на тэрыторыі Беларусі, перайшлі пад кантроль Крамля, і танальнасьць іхная пры асьвятленьні беларускіх падзеяў, і падбор тэмаў істотна зьмяніліся. Яны ў асноўным агучваюць пазыцыю расейскага кіраўніцтва і асьвятляюць усе падзеі з улікам гэтай пазыцыі. Гэта вы маглі адчуць хоць бы па тым, як маскоўскія тэлеканалы інфармавалі сваіх гледачоў пра беларускі Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Наступны кароткі ліст даслаў нам Сяржук Ціхарэцкі зь вёскі Хаўмы Магілёўскага раёну:

“Ня меў рацыі Іосіф Сярэдзіч, калі пагадзіўся выплаціць Сяргею Гайдукевічу такі вялізны штраф. Гэта ж астранамічная сума — 100 мільёнаў рублёў. Такіх грошай не каштуе ніводзін праўладны беларускі палітык. Колькі карыснага дзеля дэмакратыі можна было зрабіць за гэтыя сродкі! А ў выніку яны проста будуць змарнаваныя. І хоць “Народная Воля” паўтарае ўсьлед за апазыцыяй :”Жыве Беларусь!”, у сапраўднасьці Беларусь вымірае”.

У рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча не было выбару, Сяржук: калі б ён з дапамогай ахвяраваньняў шматлікіх чытачоў не заплаціў гэтых грошай Гайдукевічу, маёмасьць газэты канфіскавалі б, і “Народная Воля” была б увогуле зьнішчана. Што да сумаў кампэнсацыяў, якія патрабуюць зь недзяржаўных выданьняў нібыта пакрыўджаныя журналістамі асобы, то гэта, сапраўды, астранамічныя паводле беларускіх мерак лічбы. Яны несувымерныя ні зь сярэднімі заробкамі ў краіне, ні з даходамі выданьняў. Прычым, такія пазовы на дзясяткі і нават сотні мільёнаў рублёў выстаўляюцца, як правіла, толькі недзяржаўным газэтам.

Наш даўні слухач і аўтар Анатоль Жэрдзеў з Гомелю мяркуе, што многія працэсы, якія адбываюцца цяпер у беларускім грамадзтве і дзяржаве, маюць шмат агульнага з тымі, што ўжо даўно дасьледаваны на прыкладзе старажытных дзяржаваў. У якасьці прыкладу слухач прыводзіць вытрымку з працы Нікало Макіявэлі “Развагі пра першую дэкаду Тыта Лівія”:

“Народ, які прывык жыць пад уладай гасудара і дзякуючы выпадку стаў свабодным, зь цяжкасьцю захоўвае гэтую свабоду. Цяжкасьці гэтыя зразумелыя, паколькі падобны народ ёсьць ні чым іншым, як грубай жывёлінай, якая мала таго, што паводле прыроды сваёй лютая і дзікая, але і да таго ж гадавалася заўсёды ў загоне і ў няволі. Калі яе выпадкова выпускаюць на вольны луг, яна, не навучыўшыся яшчэ самастойна харчавацца і знаходзіць прытулак, становіцца здабычай першага сустрэчнага, які захоча надзець на яе ярмо”.

Гэтыя думкі Макіявэлі, выказаныя амаль 500 гадоў таму, вельмі актуальныя і сёньня, лічыць Анатоль Жэрдзеў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Наагул, усе, хто мае практычны досьвед кіраваньня людзьмі, вельмі заклапочаныя выхаваньнем у тым сэнсе, каб людзі ня ведалі нічога іншага, акрамя таго, што ім трэба падпарадкавацца ўладзе, якой бы яна ні была. Гэтаму дапамагаюць і царкоўнікі, кажучы, што ўсялякая ўлада ад Бога. Ленін—Сталін пачалі з таго, што стварылі камуну імя Дзяржынскага, якая займалася выхаваньнем беспрытульных (а астатнімі займаліся камсамол ды піянэры). Гітлер стварыў “гітлерюгенд”, Мао — хунвэйбінаў, а ў нас створаны БРСМ, які ўсе называюць “лукамолам”. Толькі нашы апазыцыянэры ня бачаць неабходнасьці займацца культурніцкай працай хаця б сярод апазыцыйна настроеных грамадзянаў, і ў першую чаргу сярод моладзі”.

Ня думаю, спадар Жэрдзеў, што апазыцыя ня бачыць неабходнасьці ў працы з моладзьдзю. Ёсьць жа такія арганізацыі як “Малады фронт”, “Маладая грамада”, “Зубр”… Іншая справа, што ўмовы для іхнай дзейнасьці зусім не спрыяльныя, а сяброўства ў гэтых арганізацыях для многіх хлопцаў і дзяўчат папросту небясьпечнае, паколькі можа скончыцца адлічэньнем з навучальных установаў, стратай працы, іншымі непрыемнасьцямі.

Спрэчным выглядае і іншае ваша сьцьвярджэньне — пра тое, што любая ўлада заклапочаная найперш тым, каб людзі “падпарадкаваліся ёй і ня ведалі нічога іншага”. Так, кожная ўлада павінна дбаць пра стабільнасьць і парадак у дзяржаве. Але зусім ня кожная бачыць спосабам забесьпячэньня гэтай стабільнасьці ўласную нязьменнасьць. Дэмакратычная зьмена ўлады шляхам свабодных і справядлівых выбараў — гэта адначасова і гарантыя парадку і згоды ў грамадзтве. Дзясяткі найбольш пасьпяховых заходніх дзяржаваў за мінулыя дзесяцігодзьдзі гэта даказалі.

Настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну свой ліст напісаў, пачуўшы па “Свабодзе” 5 кастрычніка інтэрвію Зянона Пазьняка:

“Я слухаў яго з жахам. Пасьля заяваў пра тое, што цяперашняя беларуская апазыцыя марыць прадаць Беларусь Маскве, што ўсе — агенты КДБ, спадар Лукашэнка мусіць неадкладна, не марудзячы паслаць па Пазьняка ў Амэрыку свой “Боінг”, імпартаваць яго ў Беларусь і стварыць максымум умоваў. Як кажуць у такіх выпадках, крайнасьці сыходзяцца. Сам Лукашэнка праз тэлебачаньне абвінаваціў апазыцыю, што тая хоча прадаць Беларусь Расеі. Беларусь не прападзе, і мы не загінем, калі дзьве такія асобы сталі поплеч! Такім інтэрвію спадар Пазьняк паказаў, што цалкам ператварыўся ў экзота. Шкада, разумная была галава. Заклікаю беларускую дыяспару ў Амэрыцы штомоцы трымаць спадара Пазьняка, каб ён заставаўся там, дзе ёсьць”.

За іроніяй і пацьвельваньнем у словах слухача адчуваюцца засмучэньне і расчараваньне. Мікола Бусел не хавае, што застаецца нацыяналістам, што ў свой час быў шчырым прыхільнікам ідэяў, якія агучваў Зянон Пазьняк. Ну, але вось гэткае бачаньне сёньняшняй сытуацыі ў лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. І хоць многія дэмакратычныя лідэры, якія яшчэ некалькі год таму стаялі поруч са спадаром Пазьняком, лічаць такія ацэнкі эпатажнымі і далёкімі ад сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці — гэтыя меркаваньні, мы лічым, важна ведаць нашым слухачам. Бязь іх уяўленьне пра агульны палітычны ляндшафт Беларусі было б няпоўным.

Цягам мінулага тыдня нам таксама напісалі Сяргей Крапасной з Полацку, Тацяна Барэль з Асіповічаў, Уладзіслаў Мальчыкаў з пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, Уладзімер Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну, і Валер Цішкевіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG