Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі: “Супрацоўнікі калёніі таксама нашы выбаршчыкі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Валер Леванеўскі даслаў зь няволі ліст, у якім адказвае на пытаньні Радыё Свабода адносна сваіх ініцыятываў, скіраваных на паляпшэньне ўмоваў у Івацэвіцкай калёніі, у тым ліку ўмоваў службы супрацоўнікаў калёніі.

Адмысловы ліст з адказамі на пытаньні Радыё Свабода даслаў вязень Івацэвіцкай калёніі Валер Леванеўскі, адзін зь лідэраў гарадзенскіх прадпрымальнікаў, які адбывае пакараньне за паклёп на прэзыдэнта. Чаму ён дамагаецца адкрыцьця ў калёніі пакою для вернікаў і кампутарнай клясы? Адказы вязьня на пытаньне зачытаў сын Валера Леванеўскага Ўладзімер.

(У.Леванеўскі: ) “Умовы жыцьця ў калёніі надзвычай абмежаваныя. Многія асуджаныя хочуць пачаць новае жыцьцё, ім трэба дапамога, вера і надзея. Усё гэта дае рэлігія, таму я прыхільнік таго, каб ствараць умовы для служэньня Богу і ў калёніі. Вера лечыць душы асуджаных, што вельмі важна. Асобны пакой патрэбны для вернікаў, каб застацца сам-насам з Богам, падумаць. Не лічу, што ўсе асуджаныя пабягуць Богу маліцца, але, калі гэта дапаможа хаця б некаторым, будзе добра. Таму такі пакой патрэбны. Пры гэтым права на веравызнаньне наўпрост запісана ў Крымінальным кодэксе, таму выкананьня яго варта дамагацца, — напісаў Валер Леванеўскі”.

Патлумачу, што пакуль ініцыятыва Леванеўскага аб адкрыцьці ў калёніі пакою для вернікаў ня ўхваленая адміністрацыяй. Там спасылаюцца на тое, што ў калёніі недахоп памяшканьняў, а да праваслаўных вернікаў па нядзелях ходзіць сьвятар зь мясцовай царквы.

Кампутарная кляса патрэбная ня толькі асуджаным, якія пажадаюць навучыцца працы на кампутары, але і супрацоўнікам калёніі, лічыць Валер Леванеўскі.

(У.Леванеўскі: ) “Хачу арганізаваць кампутарную клясу, у тым ліку, каб дапамагчы супрацоўнікам калёніі, бо ў іх шмат працы з паперамі, якія патрэбны для афармленьня ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ды іншага. У кожнага начальніка атраду 100—160 чалавек. Адсутнасьць у іх кампутараў мае вынікам тое, што запыты, характарыстыкі ды іншыя паперы складаюцца ад рукі, і з гэтай прычыны вызваленьне вязьняў затрымліваюць. Таму я прыхільнік таго, каб матэрыяльная база ў калёніі была лепшай. Дзе яна лепшая, там і вязьням лепш”, — перакананы Валер Леванеўскі.

Ён асобна падкрэсьліў у сваім лісьце, што “супрацоўнікі калёніі — таксама выбаршчыкі”, за галасы якіх трэба змагацца.

Нагадаю, ініцыятыва Леванеўскага аб адкрыцьці кампутарнай клясы ў калёніі пакуль таксама адміністрацыяй не падтрыманая. Між тым, Валер Леванеўскі зьвярнуўся да шэрагу арганізацыяў з заклікам даслаць у калёнію кампутары ці іх асобныя часткі, нават тыя, што ўжо былі ў карыстаньні. Валер Леванеўскі кажа, што зможа сабраць зь іх дзейны кампутар.

У адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі мне пацьвердзілі, што ў начальнікаў атрадаў няма пэрсанальных кампутараў. “Калі б у іх зьявіліся кампутары, гэта сапраўды было б карысна”, — прызнаў супрацоўнік калёніі.

Раней Валер Леванеўскі хадайнічаў аб адкрыцьці ў калёніі бібліятэкі, і гэтая ініцыятыва была падтрыманая. Бібліятэка працуе ўжо некалькі месяцаў, у яе фондзе ўжо больш за тысячу кніг. Частку гэтых кніг сабрала адміністрацыя, частку даслалі людзі з розных мясьцінаў Беларусі.

Паводле прысуду Валер Леванеўскі будзе заставацца ў калёніі яшчэ больш за паўгоду. Ён быў асуджаны на 2 гады за паклёп на прэзыдэнта. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Леванеўскага вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG