Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя партыі дапамагаюць распаўсюджваюць “Народную Волю”


Ганна Соусь, Менск Як рэагуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на просьбу галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча вынесьці пытаньне пра лёс газэты на бліжэйшае паседжаньне парлямэнту? Як цяпер даходзіць да чытачоў частка накладу, якая раней распаўсюджвалася праз газэтныя шапікі?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў Радыё Свабода, што ня будзе дапамагаць незалежнай газэце ў вырашэньні праблемаў.

(Касьцян: ) “Я гэтага рабіць ня буду, бо вельмі багата бруду выліла на мяне “Народная Воля” за ўсе гэтыя гады”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся да самой сытуацыі, у якой апынулася газэта?”

(Касьцян: ) “Я лічу, што ў нас ёсьць суд, і няхай разглядаюць гэтую справу ў судзе”.

Іншыя дэпутаты, зь якімі я сёньня паразмаўляла, не пагадзіліся выказаць свайго стаўленьня да сытуацыі з “Народнай Воляй”. Яны спасылаліся на занятасьць працай у акругах, а таксама на тое, што яшчэ не пасьпелі ўважліва азнаёміцца зь лістом Іосіфа Сярэдзіча.

Я пацікавілася меркаваньнем дэпутаткі Вольгі Абрамавай, якая ўжо накіравала ліст да міністра інфармацыі наконт “Народнай Волі”, ці могуць адгукнуцца дэпутаты на заклік дапамагчы незалежнай газэце?

(Абрамава: ) “Гэтага я не магу сказаць. Тут кожны адказвае сам за сябе. Выбары па аднамандатных акругах, гэта не партыйныя сьпісы, якія дазваляюць вызначаць ідэалёгію таго ці іншага прадстаўніка”.

Тым часам у рэдакцыю “Народнай Волі” штодня прыходзяць сотні чытачоў, каб атрымаць газэту, якой яны цяпер ня могуць набыць у газэтных шапіках. Распавядае камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “Цяпер газэта распаўсюджваецца толькі праз падпіску, празь “Белпошту”. Людзі не пакідаюць нас. Ужо з самай раніцы, калі мы прыходзім на працу, не пасьпелі яшчэ паставіць штампікі на газэце, што яна распаўсюджваецца бясплатна ў рэклямных мэтах, а людзі ўжо чакаюць. І ўвечары прыходзяць пры канцы дня і пытаюцца: “А можа, ужо прывезьлі газэту са Смаленску?”

Дапамагаюць у пашырэньні “Народнай Волі” і палітычныя партыі. Сябры Партыі БНФ цяпер штодня бяруць у рэдакцыі каля 2 тысяч асобнікаў. Частку зь іх можна атрымаць ва ўправе партыі, а частку актывісты раздаюць людзям у горадзе. Гаворыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Распаўсюджваюць каля ўнівэрсамаў, на прыпынках грамадзкага транспарту, на прахадных заводаў”.

Да распаўсюду незалежнай газэты далучыліся і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Напрыклад, у мінулую пятніцу кіраўнікі партыі раздалі людзям ля Камароўскага рынку некалькі тысяч асобнікаў “Народнай Волі” з матэрыяламі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гаворыць старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігар Шынкарык:

(Шынкарык: ) “Мы плянуем распаўсюджваць і па рэгіёнах. Патроху перадаем, як можам, і ў Вялейку, і ў Салігорск… Разы два на тыдзень наклад 4—5 тысячаў мы можам распаўсюджваць па Менску. Будзем распаўсюджваць у цэнтры, ля Камароўкі, на “Заходнім рынку”, там, дзе больш людзей”.

Ад 1 кастрычніка ўсе падразьдзяленьні “Белсаюздруку” і друкарня “Чырвоная зорка” ў аднабаковым парадку датэрмінова скасавалі дамовы зь незалежнай газэтай “Народная Воля” на распаўсюд і друкаваньне ў Беларусі. Ад 3 кастрычніка газэта друкуецца ў Смаленску.
XS
SM
MD
LG