Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітрада АГП рэкамэндавала А.Лябедзьку ўзначаліць ценявы ўрад кааліцыі


Валер Каліноўскі, Менск Перад першым паседжаньнем Палітычнай рады дэмакратычных сілаў, абранай на кангрэсе 1—2 кастрычніка, сабраўся кіроўны орган Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён рэкамэндаваў лідэру партыі ўзначаліць Выканаўчы камітэт апазыцыйнай кааліцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.

Пасьля таго, як частка актывістаў АГП выказала незадаволенасьць вынікамі кангрэсу, на паседжаньне палітрады партыі быў запрошаны адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч. Большая частка сёньняшняга пасяджэньня была прысьвечаная пытаньням актыву АГП і адказам адзінага кандыдата. Аляксандар Мілінкевіч паведаміў пра першачарговыя пляны фармаваньня структураў кааліцыі і акрэсьліў бачаньне сваёй місіі:

(Мілінкевіч: ) “Гэта кампанія не Мілінкевіча, гэта — кампанія кааліцыі. Проста Мілінкевіч — гэта функцыя, Мілінкевіч — гэта інструмэнт, так я падыходжу і так заўсёды казаў”.

Спадар Мілінкевіч паведаміў палітрадзе АГП, што прапанаваў Анатолю Лябедзьку ўзначаліць Нацыянальны камітэт апазыцыйнай кааліцыі, які зьяўляецца правобразам ценявога ўраду, а лідэру ПКБ Сяргею Калякіну — выбарчы штаб адзінага кандыдата. Цягам дзесяці-пятнаццаці дзён будуць зацьверджаныя кіраўнікі абласных штабоў, якія пазьней падбяруць адпаведныя кандыдатуры ў раёнах. Выбарчыя штабы на месцах будуць фармавацца з улікам выніковасьці працы апазыцыйных актывістаў падчас вылучэньня дэлегатаў кангрэсу і леташняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Размова на палітрадзе АГП была менш эмацыйная, чым тыдзень таму. Хаця былі й вострыя пытаньні наконт мінулага кангрэсу, але большасьць актыву зьвяртала ўвагу не на мінулыя праблемы, а на будучыя: абмяркоўвалі, як найбольш пасьпяхова арганізаваць выбарчую кампанію апазыцыі. Аляксандар Мілінкевіч гэтак падсумаваў вынік дыскусіі:

(Мілінкевіч: ) “Напачатку было вялікае напружаньне, і па вачах гэта было відаць, а пры канцы людзі пачалі трошкі ўсьміхацца. Я думаю, што эмоцыі на кангрэсе былі вялікія, і пазытыўныя і нэгатыўныя, але паступова гэта спадае, бо ў нас агульная мэта. І я веру, што мы здолеем аб’яднацца”.

Анатоль Лябедзька па выніках пасяджэньня заявіў, што застаецца “палітыкам аб’яднаньня і адказнасьці”, і выказаў сваё разуменьне Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі як працоўна-прадстаўнічага органу, у якім перш за ўсё будуць сабраныя прафэсіяналы, што будуць працаваць над праграмамі будучых рэформаў у Беларусі.

(Лябедзька: ) “Самае галоўнае — гэта перамога. Калі будзе перамога, у нас будзе мажлівасьць для рэалізацыі і АГП як палітычнай структуры, і для нашых сябраў і ў структурах выканаўчай улады, і ў парлямэнце, і ў мясцовых органах самакіраваньня. Я абсалютна ў гэтым перакананы”.

Палітрада АГП рэкамэндавала А.Лябедзьку ўзначаліць Нацыянальны камітэт дэмакратычных сілаў ды вырашыла накіраваць сваіх актывістаў у цэнтральны і рэгіянальны выбарчыя штабы адзінага кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG