Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту Саюзу палякаў па-ранейшаму забараняюць выезд за мяжу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Калегія Гарадзенскага абласнога суду пакінула сёньня бязь зьменаў часовае абмежаваньне права на выезд за мяжу для актывіста Саюзу палякаў журналіста Андрэя Пачобута, які падаваў скаргу на рашэньне аб абмежаваньні выезду.

Ленінскі раённы суд Горадні 27 ліпеня вырашыў, што Андрэй Пачобут ухіляецца ад выплаты штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў абарону газэты “Glos znad Niemna”, што адбыўся 6 ліпеня. Аднак яшчэ пяць дзён таму ён заплаціў больш за 3 мільёны 700 тысяч рублёў з агульнай сумы 5 мільёнаў 100 тысяч, і гэтыя грошы ўжо трапілі ў бюджэт. Гэта сёньня падкрэсьліў адвакат Аляксандар Бірылаў, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі абласнога суду па грамадзянскіх справах.

Паводле адваката, спадар Пачобуту не ўхіляўся ад выплаты штрафу, аднак Ленінскі раённы суд не парупіўся гэта высьветліць. А сам Андрэй Пачобут у дзень суду сядзеў пад арыштам за ўдзел у мерапрыемстве Саюзу палякаў. Дарэчы, ён прадставіў калегіі абласнога суду сьведчаньні таго, што заплаціў наступную частку штрафу і яму засталося аплаціць 497 тысяч рублёў. Аднак старшыня судовай калегіі Мікалай Кічко сказаў, што калегія лічыць: паколькі спадар Пачобут не аплаціў увесь штраф цягам 15 дзён і ня стаў яго абскарджваць, значыцца ён ухіліўся ад аплаты. Меркаваньне адваката Аляксандра Бірылава:

(Бірылаў: ) “Такога строгага вызначэньня, што ён павінен адразу заплаціць — у законе не існуе. Гэта ўсё ацэначныя паняцьці — ухіленьне ад выплаты штрафу, ад выкананьня абавязацельстваў. Каб ён ухіляўся, пра гэта павінна было сьведчыць тое, што ён не зьбіраецца плаціць гэтую суму”.

Калегія абласнога суду зазначыла, што абмежаваньне на выезд будзе скасавана пасьля таго, як Андрэй Пачобут цалкам сплаціць усю суму штрафу. Сам ён лічыць гэтае рашэньне палітычным.

(Пачобут: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што ціск на нас і надалей будзе працягвацца. Акрамя таго, гэтае рашэньне аб абмежаваньні выезду за мяжу я зьвязваю з той крымінальнай справай, якая вядзецца супраць нас. Фактычна, падпіска аб нявыезьдзе ўзятая зь мяне гэтым рашэньнем суду”.

Андрэй Пачобут і яшчэ тры актывісты Саюзу палякаў прызнаны падазраванымі па крымінальнай справе нібыта аб пагрозах дырэктару Дому польскага ў Шчучыне Віктару Богдану. Іх днямі па тэлефоне выклікалі ў Шчучын на допыт, але яны не паехалі, паколькі не атрымалі позвы.
XS
SM
MD
LG